Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я хачу у падсуседзі да цябе.

Бушмар траціў цярплівасьць — ён сам ніколі не жартаваў і да людзкіх жартаў ня прывык. Вінцэнты-ж адразу пасталеў, гэтак як напусьціў-бы на сябе жартаўлівасьць:

— Ты-ж чуў пэўна?

— Што?.. Нічога я ня чуў.

Бушмар як мае быць ужо ўстрывожыўся. Вінцэнты больш ня мучыў яго сваімі жартамі:

— Падсуседзі — ні падсуседзі, а хаўрус з табою хачу зрабіць. Уцячы ў лес да цябе хачу. Хлопцы мае самі прыслалі мяне да цябе… Дарогу тваю адапхнулі? Палетак паўзлес адрэзалі? На гэты бок лесу залазяць? Андрэй арудуе? І арудваць будзе, бо ён на цябе вока ня мае. Ён пытаў (сам я чуў) у Амілі нядаўна — ці запісана яна ў гэтым рабачкоме…

Вінцэнты раптам спыніў гаворку і палажыў рукі на полы вопраткі. Расьцягнулася ніжняя губа, стала тоненькаю і мяшкі пад вачыма пачырванелі. Ён трошкі прысеў, трошкі нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасьля захіхікаў:

— Хі-хі-хі, хі-хі-і-і…

Бушмар зусім зьдзівіўся. Аж злосьць папаўзла па твары яго.

— Хі-хі, гэта такі нядурны нехта выдумаў, імя яму даў — рабачок… падточвае гаспадароў… Ці запісалася ты, кажа, у рабачок… Хі-хі-і-і.

Зноў ён раптам зрабіўся сталым, пасьля гэтай штучнай весялосьці: