Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вялікаю бляшанаю міскаю бяз дна. Там Андрэй можа дзе ў нядзелю курыць на вуліцы на бярвеньнях з мужчынамі і можа зноў нагаворвае людзей на Бушмара.

Ніколі Бушмар ня пойдзе туды!

Амілю цягне туды хоць на момант.

— Я пайду, — гаворыць яна, — калі ты пачакаеш крыху тут, я не забаўлюся. Добра?

Яна глядзіць пакорліва ў вочы яго. Усё роўна як просіць ласкі якое. Ён-жа заўсёды адзін і той-жа — пануры, маўклівы. Хто яго ведае, якія думкі варушацца ў яго віхрастай галаве, пад гэтым навіслым чэрапам.

— Ідзі сабе.

Ах, каб ён не гаварыў гэтага «сабе»!

З прычыны гэтакага тону яна ня йдзе. Ён сядзіць дзе-небудзь на пянчуку ці на вывернутым дрэве.

Край лесу. Перад імі поле — цяпер ужо чужое, не яго. Бярозавыя прысады туманяцца за полем, іх ледзьве відаць — з гэтага, аднаго толькі боку, поле чыстае ад лесу. Скрыўленая, адсунутая Бушмарава дарога яшчэ мала вызначылася калясьмі. Межавыя палявыя слупы залезьлі аж на яе — ледзьве з драбінамі льга прасунуцца.

Аміля кладзе рукі на Бушмарава плячо:

— Чаму ты гэтакі, Лявон?

— Што? — гаворыць ён адразу. — Што ты сказала, што? Я ня прыслухаў.

(Часамі ён гэтак ажыўляецца бяз прычыны).

— Чаго ты на мяне сярдуеш?