Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вясна тады ўбіралася ў сілу. На полі, на палянах і лесавых выцерабах, зазяленьвала ярына.

Навокал Бушмаравае сялібы зьявілася новая агароджа. За лесам, тут-жа пад бокам у Бушмара забялелі слупы на другую іншую агароджу. Дарога з лесу, што з Бушмаравае сялібы падалася ўбок, закруцілася пад самую рэчку — новы перароблены вясковы палетак адапхнуў яе.

Аміля з Бушмарам часамі, у нядзелю, калі быў час, выходзіла сюды за лес. Яна то, праўда, ішла ня разам з ім, а ззаду, як-бы назіркам. Ён выходзіў з хаты адзін, ён нікуды ня клікаў яе з сабою, калі йшоў куды так, без работы. Але яна даганяла яго, убачыўшы за брамаю. Сыходзілася з ім ужо ў лесе. Тады гаварыла:

— Можа мы сёньня ўдваіх да Андрэя пойдзем?

Ёй хацелася, каб гэта было, і баялася яна зводзіць іх.

Ён сьціскаў губы, хмурыўся. Адказваў не адразу, а ўжо калі яна начакаецца гэтага адказу:

— Ты-ж кожны вечар бываеш там.

Яна так ужо й ведае, што ён гэта скажа. Але яшчэ не паддаецца:

— Мала што я адна хаджу. Каб з табою калі ўдваіх пайсьці, мне гэтак хочацца… Лявонка…

Яна ведае, што на гэта ён ужо нічога ня скажа. Толькі як-бы дзеля таго, каб разгледзець што па дарозе, ці ў полі, адвернецца ён і колькі хвілін ня зьмігне з аднаго месца. А там і Андрэеву хату відаць на ўзгорку, другая з краю. Разьбіты маланкаю клён гнецца пад растрэсенаю страхою, развалены комін накрыты