Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я йду дадому на сёньня, даўно ня была, заўтра на сьвітаньні прыду. Тут усё ў парадку.

— Ідзі, — адказаў ён адразу.

Яна засьпяшалася. Ён доўга яшчэ стаяў, аж пакуль змрок не агарнуў усяго. Тады паволі пайшоў назад. Так ён сярод цішыні спаткаў першы вечар у роднай сялібе.

«Ёй ня хочацца быць тут са мною — думаў Бушмар уночы — пайшла, уцякла. Баіцца».

Ён усьміхнуўся жорстка і ціха, як-бы дамогшыся таго, чаго доўга дамагаўся.

— Гэта вы самі, мамуня, падгаварылі яе застацца да нас? — падышоў ён, устаючы на сьвітаньні, да старое.

— Каго? — не зразумела адразу маці.

— Амілю?

Стогнучы і охкаючы, маці гаварыла:

— Яна толькі як дачулася, што наняць нам каго трэба, дык сама прышла прасіцца. Дзе-ж яна тут ноймецца йначай, няма тут лішне дзе і да каго. А так ёй жыць — хто яго ведае як і з чаго. У хаце — галота.

— Шпарка-ж яна аўдавела — панура сказаў Бушмар.

III

За колькі год перад гэтым, на тым самым месцы, дзе стаяў назмроку Бушмар, калі напаткала там яго Аміля, адбылося адно ня зусім звычайнае здарэньне.