гаспадара і чужое работы. Была нават недаверлівасьць і варожасьць да чужога чалавека. Яна іначай ужо, як раніцаю, гаварыла цяпер:
— Можа памагчы насіць?
Ён змоўчаў, а праз хвіліну сказаў:
— Рабі там, што ў хаце трэба.
І глянуў гэтак, як і той раз ёй усьлед, але тут-жа ўнурыўся ў работу. А яна пайшла ад яго подбегам, можа штучна сьпяшаючы. Завязаная назад рагамі хустка зьбілася ў яе з галавы, кароткая кудзельная вопратка была абсыпана асьцюкамі. Яна была ў хаце аж пакуль ня зьмеркла, а на зьмерканьні шукала па дварэ яго вачыма. Нідзе нікога ня было, яна вярнулася ў хату і пагаварыла з хвораю:
— Лявона няма нідзе поблізу, можа куды адышоўся, а тут мне позна будзе ісьці адной, яго чакаўшы. Я ўсё ўправіла, дык я так пайду. Чуць дзень буду зноў.
— Добра, — адазвалася старая.
Жанчына рушыла з хаты. Мінула сялібны лясок, перайшла па кладцы рэчку; адышлася ўжо трохі ад сялібы. І там убачыла Бушмара. Ён стаяў над загіністым берагам каламутнае рэчачкі і кудысьці глядзеў.
Яна на момант прыпынілася, трохі жахнулася ад нечаканасьці. Ён пачуў яе крокі і азірнуўся. Бровы яго былі ссунуты — гэта яна добра заўважыла.
— Аміля? — неспадзеўкі сказаў ён першы раз за гэты дзень яе імя, таксама ўздрыгануўшыся ад раптоўнага яе зьяўленьня.