Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Які тут можа быць сьмех! А што-ж ён павінен мне пісаць, ці што? Або ты мне, або я табе, што рабіць? Усякі сам і для сябе толькі можа рабіць што і калі сам захоча.

— Ты зусім, Бушмар, не колектыўны чалавек, — сказаў хтосьці з таварышаў.

На гэта ён нічога не адказаў, унурыўся і лёг на свой ложак, адвярнуўшыся ад усіх. Ліста ў той дзень ён пісаць ужо не захацеў. Ліст напісалі на другі дзень, калі той таварыш, што пісаў заўсёды яму, сам падышоў да яго:

— Ну дык давай, Лявон, напішам, ці што?

Лявон пачаў дыктаваць:

— Дзякуй богу жыў, напішы, здароў. Нудна па доме і няхай ня збывае жарабіцы і рабіць каго найме, пакуль я прыду, каб не рашаць гаспадаркі…

Маці раз прыслала была яму пасылку. Дык ён дастаў з пасылкі самы большы сыр і падышоў да таго таварыша, што заўсёды пісаў яму:

— Вазьмі, будзь ласкаў, сыр. Ты заўсёды мяне слухаеш, калі я прашу цябе напісаць дадому.

Таварыш пакрыўдзіўся:

— Так, па-таварыску, дык я вазьму, а калі гэта заплата, дык не хачу.

Лявон Бушмар як бездапаможнае дзіця аглянуўся навокал. Высокая постаць яго крыху прыгнулася ад нейкай як-бы нецярплівасьці, непаразуменьне было ў вачох.