гушчырні. Але з блізкіх залесных хутароў два хлапцы сабраліся ехаць і яго падгаварылі:
— Дурны ты, што ты выгадаеш, калі будзеш сядзець дома! Можа неўзабаве, кажуць, замірэньне будзе, дык доўга служыць не давядзецца, а так — усё роўна не падаруюць.
— А ці праўда, што цяпер нічога ня будзе?
Яму паказалі друкаваны загад. І хоць ён чытаць ня ўмеў, але друкаванай паперцы паверыў і такім чынам праслужыў у Чырвонай арміі нешта з год. Расказвалі, што чырвонаармеец з яго вышаў несамавіты. Страляў ён добра (разам з бацькам найлепшымі паляўнічымі былі), але політграмата — дык гэта была для яго пакута. Чытаць яго таксама ледзьве-ледзьве навучылі, але-ж калі ён пасьля вярнуўся дадому, дык адразу й гэта забыўся.
У арміі папаў ён у тую часьць, якая кагадзе з фронту прышла. Стаялі раней у казармах, а пасьля вышлі з іх. Сярод лясоў і поля, Лявон Бушмар павесялеў, стаў вастрэйшым на слова. А то раней, у горадзе, у казармах быў надта ўжо панурым і маўклівым. Часамі слова ад яго выцягнуць нельга было. Сярод гэткага збору людзей і гарадзкое таўкатні ён адчуваў сябе як мядзьведзь за сталом у пакоях. Некалькі разоў за ўсю службу ён прасіў усё аднаго-ж таварыша напісаць да мацеры ліст:
— Напішы ты, будзь ласкаў, ліст мне дадому, я табе аддзякую.
З гэтага «я табе аддзякую» заўсёды сьмяяліся ўсе яго таварышы і раз нават вывелі яго з цярплівасьці: