Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А чаго ты тут хадзіў?

Ён замаўчаў. Тады людзкая сьцяна зноў рушыла на яго.

— Я толькі хацеў гумно падпаліць.

— А дом хто падпаліў?

— Вінцанцюк.

— Каторы?

— Ваш.

— Колгасавец?

— Але.

Яго тады падхапілі пад рукі і павялі на пажарышча. Ужо адно галавешкі тлелі. Знайшлі Вінцанцюка. Той бедаваў і стагнаў, што ўся адзежа яго пагарэла. Іх паставілі з Бушмарам разам і акружылі. Вінцанцюк апраўдваўся:

— Адкуль, таварышы, такі паклёп на мяне? Я богу душою хіба толькі вінен. Што! Няўжо я сваю кватэру буду падпальваць. Уся-ж адзежа мая там прапала.

Тады нехта здагадаўся:

— Вось тут і музыка ўся, што ты на гэтым выехаць хацеў: хто-бо на цябе падумае, калі ты сам туды перабраўся!

Раптам з натоўпу праплішчылася наперад, у круг, Аміля, заплаканая, устрывожаная.

— Бушмар! — крыкнула яна слабым, змучаным голасам. — Гад, згубіцель! Што ты нарабіў!.. Зьвер!.. Як-жа дараваць табе!.. Хто-ж табе цяпер падаруе!.. За ўсё!