закрычаў, хтосьці сам расьпіхаць пачаў натоўп. Усё над Бушмарам кіпела, як у катле. Бушмар ратаваўся і рукамі, і зубамі. Толькі на нагах сядзеў ужо хтосьці і падбіраўся да яго рук.
— Жывога ня пусьціць!
— Бі!
— Бі!
Яго ўжо зьбівалі.
Але вось на адзін момант Уладзю ўдалося спыніць разьюшанасьць натоўпу. І голас яго, разам з Андрэевым, пранізалі навальнічны гул тады, калі натоўп зноў гатоў быў рынуцца і зьмяшаць Бушмара з зямлёю.
— Назад!
— Пальцам не зачапі яго!
Тады забушавалі нездаволеныя галасы. Навальніца расходжвалася. Але вось зноў:
— Прэч!
— Адыходзь!
Бушмара паднялі і паставілі на ногі. Ён стаяў, увесь дашчэнту дрыжаў.
Тады ўжо і ў натоўпе загаварылі:
— Нашто яго біць, што гэта паможа?
— Дайсьці ад яго праўды трэба.
— У суд яго.
Пачаўся допыт, навальны, натоўпны:
— Гэта ты ўсё? Прызнавайся.
— Дом ты падпаліў?
— Не, ня я.