Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пасуседзку, пра ўсялякія іншыя пляны, да якіх дабіралася ўжо колгасаўская ўпартая думка.

Раптам страшны крык уздрыгануў усіх.

— Пажар!

Як льецца часам з вузкае бутэлькі вада — падае і сьціскаецца ў горле, гэтак паціснуліся ўсе праз дзьверы. Пачалі выскокваць праз вокны. Гарэла глухая сьцяна гэтага-ж дому. Перад усімі выскачыў з акна Вінцанцюк з крыкам:

— Адзежа ўся гарыць мая на новай кватэры!

Неўзабаве гарэла ўжо ўся прыбудоўка. Агонь па смольнай сьцяне бег шпарка. Зараз-жа загула і ўся франтовая сьцяна. Утушыць было нельга, як ні стараліся. Ня ўспелі нават павыносіць усяго з дому.

Андрэй абліваўся потам, выпіхаючы з агню пас ад малатарні. І ледзьве твар яго выглянуў з дыму, убачыў ён, страшна жахнуўшыся, як бегла аднекуль Галена. Асьвечаны агнём твар яе быў страшны. Яна штосьці крычала, але рухавы гул натоўпу і агню глушыў яе. Андрэй кінуўся да яе і ледзьве расчуў:

— Бушмар ходзіць за гумнамі. З аўса выпаўз… сама бачыла…

Хто чуў — рвануліся бегчы. Андрэй адскочыў на крокаў дзесяць наперад ўсіх і ўскінуў угару руку. Ціхом, ня крычаў і не загадваў словам, натоўп спыніўся, як ад грознага загаду. Андрэй стаяў адзін момант перад усімі, акінуў натоўп зіркам. Мала калі бачылі яго такім, як цяпер. Ён толькі жорсткім шэптам выгаварыў, страшна зьмяніўшыся і гаручы ўвесь жудаснаю трывогаю: