пірагі. Зімой мяса ядуць тры разы на дзень: на сьнеданьне, абед і вячэру. Найчасьцей мяса падсмажываюць з бульбай, або варуць з рыжовымі крупамі. Фінкі-гаспадыні кілбасаў ня робюць; вяндліны, а таксама сланіны і сала на лета — ў запас не прыгатаўляюць. Усё мяса з‘едаюць за зіму, а летам толькі малаком жывюцца. Фін запасу з яды рабіць ня любе: што мае — тое зараз спажывае.
Зімой на сьнеданьне робюць каву, смажуць мяса, параная бульба і кваснае млека. Ніколі абіранай бульбы с соляй не варуць. На абед — каша з рыжу, мяса, млека кваснае, салодкае парэнае і капуста, або рэдзенькі з журавін кісель. Яду заўсёды фін папівае або малаком параным, або квасам хлебным. Хлеб пякуць маленькімі булачкамі — як пірагі — такі смашны. Пасьля абеду — на падвячорак — каву пьюць з млекам, часам з булкай і з маслам, часам толькі чыстую каву. На вячэру зноў мяса, млека кваснае, бульба.
Бяз млека, асабліва без кваснага фін ня седае за стол. Быў калісьці час, што фіны толькі квасным млекам і жылі. Каровак у кожнага гаспадара даволі.
Нядзеля.
Дзядуль Янко сядзіць у адным кутку і чытае біблію ў голас, а Мома — цётка дзядулі, аб каторай ужо і сьмерць забылася — столькі мае гадоў бабуля — у другім куточку ня чытае, а пяе ў голас з бібліі. Голас выходзіць ні то с пад зямлі, ні то ката ў мяшку, але ніхто ня сьмее закпіць з бабулі; я ня вытрывала, і — каб не засьмеяцца, ледзь уцекла с хаты.
Кабеты ідуць на сход таварыства біблійнага. Моладзь робіць платные вечарынкі, с каторых даход аткладаецца на новую школу ў Лоттоло. Хочуць зрабіць сад пры вучылішчы, каб дзеці заахвочываліся і ў сябе садзілі дрэўкі, бо дагэтуль у Фінляндзіі німа садоў — клімат надта суровы. Аднак некаторые фруктовые дрэвы маглі б і тут радзіць. Дык усё сяло Лоттоло хочэ і ў сябе ў будучыне завесьці сады.
Аднае нядзелі папрасілі мы каня, каб паехаць да кірхі. Іван закратаўся; сам прыбраўся ў сівое адзеньне суконнае. Мне далі суконные барлячы, рукавіцы. Паехалі. Дарога санная — як люстра…
Да мястэчка Яські 14 вёрст. Лес і лес. Вёска Лоттоло даўжынёй вёрст з восем цягнецца. У Фінляндзіі німа такіх вёсак, як у нас. Там каля скалаў асобна сялібы папрычэпляны, па сярэдзіне часам лежаць возеры; адны да другіх езьдзюць у госьці на чоўнах.
Прыехалі ў Яські. Вялікі жалезны мост перакінены праз раку Вуоксу. Рэка быстрая; ніколі не замерзае. Берагам рэчкі коньні пастаўлены, панакрываны цёплымі гунькамі, ядуць аброк