тыдзень; разам с тым ён прадае маркі, аткрытые пісулькі, забірае напісаные лісты.
Цікавы такі фінскі пачтальён як раз ось прышоў. Вялікая раменная торба набіта туга газэтамі, лістамі; развозіць ён гэту газэту на „келках“.
Келкі — гэта такіе саначкі: два жалезные палазы с поўтрэцьця аршына даўжынёй; на палазох умацована крэсла, на каторае пачтальён кладзе свае клумкі, сам апіраецца на поручы крэсла і стае нагамі на палазы; аднэй нагой полаз падпіхне, значыцца, падтаўкне, каб келкі рушылі з мейсца. А як у Фінляндзіі дарога ня роўная — з горкі на горку, то як дзе разгонюцца такіе келкі, дык шпарчэй шыбкага каня бягуць. Шмат фінаў на торг, вагзал, да кірхі гэтак едзе. Жонку нават часта, або дзіця — пасадзіць на крэсла, сам стане на палазы і гайда ў дарогу; пад горку, праўда, прыходзіцца аднэй нагой падпіхаць, але за тое з горкі як ляціць!
Пачтыльён прывёз газэту, ліст з Амэрыкі ад сына Янко, выпіў кавы і паехаў на келках далей. Мы кончым абгледаць хату. У шафцы шмат кніжак гаспадарскіх. На мейсцы нашага ложачніку — каля парогу — стаіць шафка с судзьдзем: ісподкі, кубачкі, талеркі, паўміскі, відэльцы, толькі келішкаў німа, бо фіны ня пьюць ніякіх трункаў. Найцікавейша — печ: вялікая, высокая, ажно пад столь, толькі адзін кот туды можэ узьлесьці, а фін, хоць і мае зіму ў поўтара разы даўжэйшую і зімнейшую, чым у нас, аднак на печ ніколі ня лезе. Падпечку таксама німа, — куры зімуюць разам са скацінай у хлеве. У печы фінляндка — гаспадыня паліць раз у дзень — зраньня; нічога ў ёй не варыць, толькі хлеб, абе пірагі пячэ. Усеняк жар выгрэбаецца у прыпечак; прыпечак у сярэдзіне пусты, зьверху накрыты тоўстай бляхай с фаеркамі; да жару дроў падкідаецца, на фаеркі ставюць гаршкі, варыцца страва. Пад прыпечкам ніколі агонь не гасьне, кава праз цэлы дзень стаіць гарачая. У фінляндцаў ёсьць звычай кожнага прышоўшага чалавека пачаставаць кавай. Усё роўна як наш чалавек, увайшоўшы ў чужую хату, зараз закурывае люльку, так у фінаў сьвежы чалавек зараз сядае за стол і каву пье.
Сенцы на падлозі, пры сенцах камора таксама на падлозі; пры сьценах каморы паробляны палічкі, шуфлядкі, панасыпаные крупамі, мукой; вада ў цэбры стаіць, абрусікам накрыта; ганак — з лавачкамі. Напроць хаты стаіць з ганачкам сьвіран даўгі, раздзеляны на колькі станцяў, да кожнай з іх вядуць асобные дзьверы. У адной станці фін хавае збожа, у другой — куфры, адзеньне, у трэцьцяй — ложкі, дзе летам сьпяць; болей на хатнім падворку нічога німа; на другім у поруч падворку стаяць вазоўня, стайня, хлеў. У хлеве Кюмеляін мае шэсьць каровак, бычка, двое целятак; у малым хляўчуку — з дзесяць авечак. Скаціну дагледаюць толькі кабеты; мужчыны — коней. Кароў кормюць трасянкай, у каторай больш сена, чым саломы, бо сенажацяў маюць фіны даволі, а збожа сеюць нямнога — трудна там зямлю адваеваць у скалаў і возераў. Поюць скаціну ў хлеве пойлам: вада, падкало-