Перайсці да зместу

Старонка:Лучынка (1914). Кніжка 6.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пагляньце на сьвет шырокі, на гісторыю людзей — народаў і гасударстваў і вы пабачыце якіе вялікіе на сьвеці сталіся перамены за 100-200 гадоў.

Адно — разсыпалося, другое — зруйнавалося, трэцяе — паднялося, закрасавало, чацьвертае — адцьвітае, засыхае… А тое, аб чым я тут апаведаю вам ня 100, ня 200 гадоў, а безмала тысячу гадоў таму было.

Ой, 1000 гадоў! Сколькі гэта вадзіцы ў нашых рэках працякло, сколькі гэта крыві і сьлёз змыта дажджамі!… Не пяром, ня словам передаць гэта, а трэба душой, сэрцам разліцца па гаротнай зямельцы нашай і ўчуцца, ўслухацца, што баюць пошумы дубоў на магільных капцох-валатоўках аб славі, аб сіле, аб жыцьці нашых прашчуроў і палядзець на тое рабство, якое запанавала ў душах сучасььнікоў нашых, каб зразумець, што перажыў, што перэцярпеў, перэбалеў, як перамучыўся наш народ бяздольнік…

А 1000 гадоў таму назад Смаленск кіпеў жыцьцём, быў тым міжнародным рынкам, кудой зыходзіліся ўсякіе народы, з усякімі таварамі.

На смаленскіх рынках кіпела жыцьцё; няшчысьлёные дзівы-дзіўные грудамі параскіданы былі: тут з далёкага Кітаю едвабные лёгкіе саматканы, там с таёмнай Індзіі дарагіе каменьні, там грэцкіе купцы прадаюць золатам тканые, князём на ўборы, дарагіе павалокі, а тут азіяцкіе купцы купляюць чарадзейна-дзіўны, а бязмерна дарагі ў тые часы „гаручы камень“ (бурштын).

Там накованая золатам сталёвая збруя, там жаноцкіе прыкрасы-ўборы і наручнікі, нагруднікі, пярсьцёнкі з жуковінкамі ў дарагіх аправах, завушніцы з залатымі завітушкамі і безліч усяго ўсякага. Тут купляецца, там прадаецца, а ешчэ далей пакуецца дзеля перавозу ў заходню Эўропу і ў вырэйные (куды птушкі на вырай лятуць) старонкі, розные тавары.

Гэткі-то наш Смаленск горад быў у сэрцы зямлі Крывічанскай! А далей на Дзьвіне красаваў Полацак багаты, гаманлівы; на Прыпяці — Тураў; а ў пабратымных славянаў — Ноўгарад вольжы, а у палян задумлёных — Кіеў,


Зямелька Рогваложа, Турава! дзе твая слава? дзе сыны твае, ўслаўлёные, вялікіе, дзе мужы кніжные, князі мудрые?

Усё прайшло, мінула,
Як бы ня было;
У капцох паснула,
Зельлям парасло…

Власт.