разважаю: на якую такую балячку мяне маці-нябошчыца на сьвет нарадзіла? На якое ліха зямелька выкарміла? Бадзяйся цяпер чэлавек па сьвеці, як выдраны альховы куст па мокрым ройсьці.
Скажэце людцы: от-жэ разьмяк Хведост, як перасьпелы казьляк. А-гэ! добра вам цьвярдымі быць! Ось і цяпер можаце спытаць, аткуль я родам, а мне ўсё роўна, што суседзяў папарыць устыдам. Ну, але хай ужо так будзе: с пад Менска я, с пад Менска! але!!… калі птушкай ляцець да роднай вёскі, то тры мінуты; калі канём ехаць, то поўдня; цьвярозы чэлавек за адзін дзень зайдзе, а пьяны дык за тры — не дакоціцца. Больш ужо ані слова! Хоць абцугамі за язык рвіце.
Ось аб горадзе Бэрдзічаве, дзе цяпер жыву — магу сказаць. Рэдкай пекнаты горад! Сам Магамэт Бэрдзічава парогаў не пастыдаўся-б. Каля тынаў перац расьце; цынамон сьцеліцца ў пазаплотках; кармазын пахне; слонямі езьдзюць; салаўёў на вячэру пякуць. А вялікі, вялікі горад! Народ у ім ня месьціцца: большая палова жыве пад голым небам — быля ў Бэрдзічаве.
Я сам дзесяты год ужо ў ім паную — значыць бутэлькі мыю. Мілая работа! Адно толькі: сморад ад гэтай праклятай гары! Дзіўна мне, як яе людзі галгочуць? Мне ад аднаго толькі яе паху нос распух, пачырванеў і ківаецца, як сьпелая грушка.
Такрок прашпарт меняў; у прыметы ўпісалі: „Вялікі нос“. Паночкі, прашу, гэтага не пішыце: мой нос малюсенькі, дзюбаценькі; гэта толькі часовая штука: распух, бо пры такой рабоце стаю, а кіну работу, нос адыдзе, бульбінкай асядзе, дык ешчэ арыштуюць, што пад чужы прашпарт падшываюся; агітатар, скажуць, сіціліст. Ня губіце, — сірата я круглая: ані бацькі, ані маткі, ні жонкі — адзін, як палец на сьвеці. Разгаварыся з дурнямі! — за дзьверы выпхнулі. Цяпер воляй-няволяй жыві ў Бэрдзічаве. Шчасьце, што горад на дзіва слаўны.
Дзесяць гадоў выбіраюся пад Менск да кума — лясьніка Яхіма, ды ўсё Бэрдзічава жаль. Ось толькі ўчора кажу: Хвядот, дурны ты асталоп: ці тваё намачыла? ці тваё, дзяцюк, зарадзіла? Вольна птушка! Яхім кум чэкае — едзь! Еду, кумочак, еду. Хоць ты патопа хлыні — ткі еду — чэкай Яхімка!
Балазе, знаёмы унцер білет салдацкі купіў — дарога таней абыдзецца. Трэці званок. Кандуктар у вагон пасадзіў. Машына сунулася. Народу — жмыр; хоць бы пры кім далікатным сесьці, — ўсё ж будзе ехаць мілей. Вуньдзька прымашчуся — каля тае прыгожае пані. А-бо! Без кап-ту-ра нарадзіўся — ня вытрываю: як бач усё нутро ў верх нагамі вывярне. Каб яны зы сьвету счэзлі ўсе гэтые пахі! Па што і на якое ліха яна так напарфунілася? Вой-ваёй! — ня вытрываю, аж у горлі пячэ і галава млынам пушчаным круціцца… Гвалт! ізноў вынімае бутэлячку, — будзе палівацца. Вось яго ліхачка! На чужое дабро які ласы — ў вакулярах — пэўна купец; аж падсунуўся на бліжэйшую лавачку; сапе, ў нюха