Перайсці да зместу

Старонка:Лучынка (1914). Кніжка 1.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго тут: сьсячы, пападзіся, — такі табе штрап закоціць земскі, што і кароўкаю не адапхнешся. І Андрэй, ешчэ раз акінуўшы вокам дубок, ўздыхнуў і паплёўся да дому. На ўсякі выпадак ён замеціў гэто мейсцэ. Скора пачалося жніво, і Андрэй забыўся аб дубку, Але, як на грэх, у яго колах разышліся сьпіцы. Трэба было думаць, як справіць новые колы. На калодкі і вобады Андрэй меў пра запас бярэзіну, добрую, баравую, чачоткаватую бярэзіну с казённага лесу. Гэта Мікола Сіняўскі удружыў яму. А дзе б узяць дубінкі на сьпіцы? І адразу ў яго вачах стаў малады дубок, што бачыў у лесі, зьбіраючы грыбы. Бадай ня кожын дзень думкі Андрэя вярцеліся каля гэтаго дубка. Кепска толькі, каб яго качкі, калі пападзешся з ім. У сваім жыцьцю Андрэй кіраваўся прыказкою: „Не бяры чужога і ня бойся нікога“. Але во прыпёрла так, што прыходзілося касаваць гэты мудры кірунак. Праўда, што ў лесі красьці ня грэх. Гэта ня тое, што залезьці да чэлавека ў хату. І хто ў лесі ня злодзей, той у дому не гаспадар. Лес — Божы — Бог яго росьціць і Бог гадуе. А князя чорт ня возьме, калі ён, Андрэй, сьсячэ адзін дубок. Так разважаў вечэрамі Андрэй, пыхкаючы люльку.

Раз пад вечар — гэта было ў нядзелю — Андрэй ішоў з мейсца. І так неяк зрабілося, што ногі Андрэявы самі пашлі па тэй дарозі, каля каторай стаяў гэты шальмоўскі дубок. Андрэй ня мог стрымацца, каб не даведацца свайго даўнейшага знаёмага. Лес быў ўжо саўсім бяз лісцьця, і малады дубок выгледаў цяпер ешчэ раўнейшым, ешчэ прыгажэйшым.

— Ах, злодзей! — гаварыў, цешучыся, Андрэй і агледаў дубок.

Ідучы да дому, Андрэй вылічаў, калі схадней яго сьсеч. Квадра месяца пры гэтым стаяла у Андрэя на першым плані. Праз колькі дзён будзе маладзік. От тады ён і зызьне яго.

Як раз прад Усімі Сьвятымі, натачыўшы сякерку, Андрэй шэпануў свайму сыну:

— Запражэш каня і пад’едзеш пад Доўгі Лужок. Я буду там чэкаць цябе. Ды глядзі, калі хто спытае, куды едзеш, скажы — па каноплі.

Андрэй выбраў такіе сьцежкі, дзе б яго ніхто не спаткаў: асьцярога не пашкодзіць, і ішоў, прыгнуўшы галаву. Аднак чым бліжэй падходзіў ён да лесу, тым большы чуў ён страх. А змрок, густы, халодны, няпрыветны, нярухома аблегаў зямлю. Ціха, глуха. Хоць бы дзе зык чэлавечага голасу. І нейкая жуда ахапіла Андрэя. Почуваньне маркаты і адзіноты агарнуло яго. Андрэй азірнуўся назад, на сяло. Скрозь цемрадзь прыветна свяціліся вокны мужыцкіх хат чырвонымі і бледнаватымі плямкамі. Там сядзелі людзі, і на душы ў іх была згода. Толькі ён, як злодзей, крадзецца адзін скрозь гэты змрок, прыхільнаго хаўрусніка кожнаго злодзея. Андрэй пачынаў каяцца, што выбраўся на гэту справу. Лепш бы паставіць кварту за кусок дубіны — і сам выпіў бы чарку і быў бы сьмел і спакойны. І яму хацелося, каб хто перашкодзіў