у дрыжачых губах музыкантоў. „Ратуйце…. пасажыроў“….., пасьледніе словы выбівае Філіпс. Тытаніка ідзе на дно. Вада забульбатала, выгладзілася; і ані знаку страшнай магілы.
Сьпіце сном вечным капітан, Філіпс, музыканты, і ўсе тые, што аддалі сваё жыцьцё, за жыцьцё другіх: памяць аб вас не загіне; будзе яна будзіць у сэрцах людзкіх новых веліканоў-багатыроў і падымаць іх на нязьмерану высату чалавека над зьверам.!!
Б—а.
Малады дубок.
I.
— Ну, і людзі! — гаварыў сам сабе Максім Заруба: — ну, украў, ну, сьсек, хай цябе ліха сячэ; ды не рабі-ж ты на зьдзек чэлавеку, не рабі так, каб кожнаму кідалося ў вочы тваё зладзейства, гіцлю!
Максім старанна аглядаў сьляды недаўнай кражы ў яго абходзе. Высокі, у палавіну чэлавека, дубовы пень ясна выдзеляўся сярод дзерэвак і сьвяціў сваім сьветла-жоўтым верхам і сьвежым трэскамі вокал, а шырокая, разложная верхавіна і адсечаные сукі пазіралі так невясёла, так сумна, бы тые пакінутые бацькам дзеці. Зірнуўшы ў гару, Максім угледзіў маладую бярэзінку з абламанымі галінкамі. Гэта дуб, звалены безжаласным тапаром, кідаючыся, чапіў яе сваімі крэпкімі сукамі.
У лесі было ціха і маркотна, толькі ў гары стаяў глухі шум старых хвой і ялін. Высокіе асіны і бярозы прылучалі зрэдка і свой голас да гэтага шуму, як часамі дужэй падыхаў сыры халодны вецяр і варушыў іх голае вецьце. На гэтым мейсцы, дзе рос дуб, мала назначылося прастору, і маладые высокіе ёлкі ўжо разгарнулі свае кашлатые зялёные лапы і занялі мейсцэ дубу. Так і за сталом жыцьця, дзе сядзіць цесная люцкая сем’я, ня пустуе мейсцэ выхвачэнаго сьмерцьцю семяніна.
Максім трывожна азірнуўся вокал, зьняў з за плеч сваю старасьвецкую стрэльбу і паставіў каля хвоі; дастаў з за пояса сякерку і пачаў заметаць сьляды неупільнаванаго злодзея. Ен ацерабіў верхавіну, пасьцягаў сукі ў гушчар, сьсек пень каля самай зямлі, завалок яго далей ад дарогі, пад вывараць, а тое мейсцэ, дзе быў пень, закрыў зялёным мохам. Максім сам у гэту мінуту быў крыху злодзеям. Але яму больш нічога не заставалося рабіць, як прыкрыць сьлед гэтай кражы, каб самому не нагарэло ад лясьнічаго. Кончыўшы работу, Максім адышоўся крыху і азірнуў сваю працу, ці німа ешчэ якога знаку, па катораму можна было б замеціць, што тут украдзены дуб. Усё было прыбрана