Перайсці да зместу

Старонка:Лекары і лекі, Два жаніхі.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Маці

Дык я грамнічкай абнясу — можа палягчае. (Жвава запальвае грамнічную сьвечку; — сьвечка ў драўляным футараліку — і абносіць тры разы кругом хворага; за кожным разам плюе тры разы). А цяпер дам сьвянцонай вады. Усё-ж боская моц павінна разагнаць чартоўскую сілу. (Дае сьвянцонай вады).

Бацька

Фу, якое нясмачнае лякарства. (П‘е ваду). Хутчэй-бы сын прыехаў, а то памру і ня ўбачу. Ой, неяк у жываце пачало пячы.

Маці

Што ты, бог з табою? Чалавек ад глупства не паміраў. А лякарства папячэ і перастане; тымчасам і сын прыедзе. Сам-жа старшыня яму гаварыў па дроце ў горад.

Бацька

Ой-ой-ой! Ой, трудненька! Пазвала-б ты гэту знахарку, Антолю.

Маці

Ды я ўжо яе звала. Абяцалася прыйсьці, ды ня ведаю, чаму марудзіць.

Бацька

Ой-ой! Што-ж гэта за хвароба такая? Ці не паслаць за доктарам, можа-б ён што парадзіў?

Маці

Нашто той доктар? Што ён ведае? Ат, абы браць грошы. Лячыў-жа Сымоніху, а яна і памерла. Усё залежыць ад бога; бог знае, што баліць у чалавека, а доктар у сярэдзіну не залезе вачыма. Вось памалюся, можа бог пачуе. (Становіцца на калені перад абразамі — моліцца).

ЗЬЯВА 2.
Тыя-ж і Знахарка.

Знахарка

Ну што, як хворы?

Маці (устаўшы).

А-а, Антолька! Ды вось мучыцца. Што ні рабіла — нічога не памагае.