Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

за рану — 1½ гр.; за віну смаленца ў нямецкай зямлі і Немца ў Русі ў дыбу або ў пограб не саджаць; калі зрэшта ня будзе парукі, то акаваць у зялеза можна. Доўжнік абавязаны плаціць свой доўг перш за ўсё чужаземцу. Калі бы князь вялеў канфіскаваць яго маемасьць, то ўсё-ж сьпярша павінен быць заплачаны доўг. Калі хто памрэ не заплаціўшы, хоць-бы і халоп, то плаціць павінен той, хто атрымлівае спадак па ім. Пры судзе павінны быць два сьведкі (послухі): адзін — мясцовы, другі — Немец. Бяз згоды абедзьвех судзячыхся старон ня можа быць паміж мясцовым і немцам суда ні зялезам гарачым, ні паядынкам. Каліж на паядынак выступаюць немцы паміж сабой ў Русі, або рускія ў нямецкай зямлі, то нікому ў гэта не мяшацца.

За зьнявагу жанчыны муж атрымлівае 10 грыв. серабра; за зьняволеньне свабоднай жанчыны: чэснай — 5 грывень, не саўсім чэснай — 1 гр. сер.; рабы, калі будуць сьведкі — 1 гр. сер.

За зьвязаньне без віны — 3 гр. сер.

Пры неаплаце доўгу трэба ўзяць дзецкага і цівуна, каб той памог узяць доўг, і калі дзецкі ня кончыць у 8 дзён, то вымагаць парукі ад гараджан; а калі гараджане звольняць даўжніка, то яны і плацяць доўг.

Пры прыходзе лацінскіх гасьцей да валокаў (ад Дзьвіны да Дняпра) цівун павінен паслаць людзей для перавозу тавару. Калі пры перавозе штоколечы згіне, то плацяць шкоду ўсе валачане.

У горадзе дазваляецца свабодна прадаваць ўсё. Свабодна можна вязьці тавары і на старану, ў другое князьства: Русіну да Любэкі.

Калі хто купіць у госьця тавар, то вяртаць яго назад ужо нельга.

Судзіцца госьць толькі ў Смаленску, а Русін толькі ў Рызе і на Гоцкім беразе.

Нельга прыклікаць ні на немца дзецкага, ні на русіна бірыча, не заявіўшы перш старасьце тых часьцей, з каторых каго колечы вінавацяць.

Госьця нельга прымушаць ісці на вайну.

Са злоўленым злодзеям, свая воля.

Перасуду няма: раз перад судзьдзямі і перад добрымі людзьмі кончана справа, то яна ня можа быць узьнята ў другім горадзе.

Шлях паміж Гоцкім берагам і Смаленскам усім свабодны, бяз мыта.

Лацінскія госьці, прыйшоўшы ў Смаленск, даюць княгіні ў дар постаў часьціны, а валоцкаму цівуну — рукавіцы, каб ён памог перавязьці тавар без затрымкі.