Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Шмат хто трапіць туды, перш чым месяц зноў узыйдзе, — мовіў Балу. — Удалае будзе ў яго паляванне, на свой манер.

— Але што гэта значыць? — спытаўся Маўглі, які зусім не ведаў пра здольнасць пітона зачароўваць жывёл. — Я бачыў толькі, як ён вырабляў дзівацкія выкрунтасы і больш нічога. Толькі вось нос сабе ён здорава разбіў. Ну, Ну!

— Маўглі! — строга сказала Багіра. — Нос у яго разбіты, дзякуючы табе, таксама як мае вушы, бакі і лапы, як шыя і плечы Балу пакрамсаныя праз цябе-ж. Ні Балу, ні Багіра на працягу шмат дзён не будуць цяпер здольныя паляваць з асалодай.

— Дарма! — сказаў Балу. — Затое Дзіцянё зноў з намі.

— Яно так, але ён дастаўся нам цаною таго часу, які мы маглі патраціць на ўдалае паляванне, цаною ран, валос — у мяне выскубана палова спіны — а галоўнае, цаною гонару. Бо памятай, Маўглі: я, Чорная Пантэра, вымушана была прасіць дапамогі ў Каа, і мы з Балу былі зачарованыя Танцам Голаду, як малыя птушаняты. Вось што, Дзіцянё, вышла з тваіх гульняў з гэтымі Бандар-Лог!

— Праўда, гэта праўда, — з сумам сказаў Маўглі. — Я злое дзіцянё і вельмі шкадую аб гэтым.

— Гм! Што кажа Закон Джунгляў, Балу?

Балу не хацеў рабіць хлопчыку новыя непрыемнасці, але ён не адважваўся жартаваць з Законам і таму прамармытаў:

— "Раскаянне не касуе кары". Але памятай, Багіра, што ён яшчэ зусім малы!