Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

часу мая здабыча будзе тваёй здабычай, калі ты будзеш галодны, о Каа!

— Дзякую, Браток, — адказаў Каа, і вочы ў яго заблішчэлі. — А што можа забіць такі адважны паляўнік? Прашу дазволу праваджаць цябе, калі ты пойдзеш на паляванне.

— Я нічога не забіваю, бо я надта малы, але ганю коз да тых, каму яны патрэбныя. Калі згаладаешся, прыходзь да мяне і ўбачыш, ці праўду я кажу. Тут у мяне сёе-тое ёсць (ён працягнуў свае рукі), і калі ты калі-небудзь трапіш у пастку, дык я здолею заплаціць доўг, які з гэтага часу я вінен табе, Багіры і Балу. Добрага Палявання вам усім, мае валадары!

— Добра сказана, — прамармытаў Балу, бо Маўглі падзякаваў свайму збаўцу па ўсіх правілах мастацтва. Пітон патрымаў некаторы час сваю галаву на плячы Маўглі.

— Адважнае сэрца і салодкія словы, — сказаў ён. — Яны далёка павядуць цябе ў Джунглях! А цяпер ідзі паспі да заходу месяца, бо не належыць табе глядзець на тое, што адбудзецца тут...

Месяц схаваўся за ўзгоркам. Шэрагі малпаў сядзелі на сценах і зубцах і трэсліся ад страху. Балу спусціўся да вады, каб напіцца, а Багіра пачала ўпарадкаваць сваю поўсць. Раптам Каа слізгануў на сярэдзіну тэрасы і ляснуў сваімі сківіцамі так, што ўсе малпы ўтаропілі на яго свае вочы.

— Месяц заходзіць, — сказаў ён. — Ці досыць святло? Ці відаць вам?