Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і апісаць нельга. У іх там добрыя шляхі і сцежкі, спускі і пад'ёмы, пракладзеныя на вышыні ад пятнаццаці да дваццаці ці трыццаці метраў над зямлёй; калі трэба яны могуць вандраваць па іх нават уначы.

Дзве самых дужых малпы ўхапілі Маўглі пад пахі і пусціліся з ім па верхавінах дрэў, пераскокваючы па пяць метраў за адзін раз. Без цяжару яны маглі-б рухацца ў два разы хутчэй, але хлопчык затрымліваў іх сваёй вагой. У Маўглі закружылася галава, але ён усё такі адчуваў нейкую своеасаблівую асалоду ад гэтага шалёнага руху, хоць шпаркае мільганне зямлі, якая чарнелася недзе далёка ўнізе, наводзіла на яго жах, а ад страхатлівых штуршкоў і страсенняў у часе гіганцкіх паветраных пераскокаў у яго зубы ляскалі і сціскала духі.

Спадарожнікі Маўглі ўскоквалі з ім уверх на самыя тонкія галіны так, што яны ўжо пачыналі гнуцца і ламацца, і тады з кашлем і гіканнем кідаліся ў паветра да наступнага дрэва і хапаліся рукамі ці нагамі за ніжнія сукі. Часам яму адкрываліся заціхлыя зялёныя Джунглі на многа міль, як мора для чалавека, які ўзлез на мачту: потым галлё зноў пачынала сцёбаць яго па твары, і ён спускаўся з двума сваімі спадарожнікамі бадай што да зямлі. Так пераскокваючы, з трэскам, выем і гіканнем, усё племя Бандар-Лог неслася па дрэўных дарогах са сваім палоннікам Маўглі.

Спачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць. Потым пачаў злаваць, але, зразумеўшы, што змагацца няма сэнсу, пачаў разважаць. Першая думка была, якім чынам паведаміць пра сябе Багіру і Балу? Маўглі