Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Лепш, калі ён будзе падрапаны з галавы да ног мною, тым, хто яго любіць, чымся пацерпіць калі-небудзь ад свайго невуцтва! — сурова адказваў Балу. — Я цяпер навучаю яго Ўладарнаму Слову Джунгляў, якое абароніць яго ад птушак і змяінага роду, і ад усіх чатырохногіх паляўнікоў, апрача ўласнай Зграі. Цяпер ён можа патрабаваць абароны ўсюды ў Джунглях, калі будзе памятаць словы. Няўжо-ж за ўсё гэта не варта крыху тузануць?

— Яно так, але ты глядзі, не забі Чалавечага Дзіцяці. Ён табе не камень, каб вастрыць на ім свае тупыя кіпцюры! Але што такое гэтыя Ўладарныя Словы? Што да мяне, дык я маю больш ахвоты падаць дапамогу, як прасіць! — пры гэтым Багіра выпрастала лапу і паглядзела на свае чорныя, бліскучыя, як сталь, і выгнутыя кіпці. — Але ўсё-ж я хацела-б ведаць гэтыя словы.

— Я клікну Маўглі, і ён табе іх скажа, калі захоча. Ідзі сюды, Браток!

— У мяне галава гудзіць, нібы пчаліны вулей, — пачуўся над іх галавамі хмуры голас, і з дрэва слізгануў раззлаваны Маўглі. — Я спусціўся сюды дзеля Багіры, а не дзеля цябе, стары, тоўсты Балу.

— Гэта мне ўсёроўна, — прамовіў спакойна Балу, хоць сапраўды ён быў пакрыўджаны. — Ну, паўтары Багіры Ўладарныя Словы Джунгляў, што я навучыў цябе сёння.

— Для якога племя? — спытаў Маўглі, задаволены тым, што можа паказаць свае веды. — У Джунглях шмат гаворак. Я ведаю іх усе.

— Сёе-тое ты ведаеш, але далёка яшчэ не ўсё. Каб ты ведала, Багіра, якія яны ўсе няўдзячныя! Аніводнае