Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/277

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што Маўглі прагоніць Маўглі назад да Чалавечай Зграі. Я казаў тое самае, але хто цяпер слухае Балу? Багіра? Але дзе-ж Багіра ў гэтую ноч? Яна таксама ведае. Гэта — Закон!

— Яшчэ калі мы сустрэліся ля Халодных Пячор я ведаў гэта, — сказаў Каа. — Чалавек нарэшце ідзе да Чалавека, хоць-бы Джунглі яго і не праганялі.

Чацвёра збянтэжана пазіралі адзін на аднаго і на Маўглі.

— Значыцца, Джунглі не праганяюць мяне? — прашаптаў Маўглі.

Шэры Брат і Трое люта завылі:

— Пакуль мы жывыя, ніхто не адважыцца!..

Але Балу перапыніў іх:

— Я навучыў цябе Закону і я павінен цяпер казаць табе. Хоць я не бачу перад сабою скал, затое я бачу далечыню. О, Жабянё, ідзі сваім следам! Ідзі ў логава да сваёй Зграі, да сваіх братоў па крыві. І калі спатрэбіцца табе нага, ці зуб, ці вока або лятучае слова, то памятай, Уладар Джунгляў, шго Джунглі — твае!

— Сярэднія Джунглі таксама твае, — дадаў Каа. — А ў ім жыве неслабы народ.

— Гай! Май! Браты мае! — крыкнуў Маўглі з плачам. — Я не ведаю, што са мной. Я не хачу ісці, але нейкая сіла цягне мяне за ногі. Як мне разлучыцца з гэтымі нагамі?

— Не бядуй, Братка! — сказаў Балу. — Няма нічога ганебнага ў тваім новым паляванні. Калі мы з'ядаем мёд, мы пакідаем пусты сот.