Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пра тое, што ён бачыў, чуў і рабіў, бадзяючыся са сваімі чатырма таварышамі, ці без іх, ад аднаго племя да другога,- можна было б напісаць шмат апавяданняў, такіх самых доўгіх, як і гэтае.

Так вам і не давядзецца прачытаць, як ён сустрэўся, а потым выратаваўся ад Шалёнага Слана з Маналы, які забіў адзінаццаць пар быкоў, што вязлі адзінаццаць вазоў са срэбнымі грашыма ў дзяржаўны банк Індыі, і параскідаў бліскучыя манеты, рупіі, па пыльнай дарозе;

як ён цэлую доўгую ноч біўся з кракадзілам Джакалай у Балотах Поўначы і зламаў, нарэшце, свой нож аб спінныя рагавіцы страшыдлы;

як ён знайшоў новы доўгі нож, які вісеў на шыі чалавека, забітага дзікім вепрам, і як ён прасачыў гэтага вепра і забіў яго ў адплату за нож;

як ён у часе Вялікай Галадухі трапіў у гурт аленяў, якія нястрымна несліся наперад, і як яны ледзь не растапталі яго насмерць;

як ён выратаваў Маўклівага Слана Хаці, які ледзь не трапіў у яміну з вострым колам на дне;

як ён, сам Маўглі, трапіў раз у дасціпна замаскаваную пастку для леапардаў, адкуль яго выратаваў Хаці, які разнёс ушчэнт тоўстыя бярвенні;

як ён даіў дзікіх буйваліц на балоце, як ён... Ну, ды калі расказваць, то лепш пра што-небудзь адно.