Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А я — Малая Нага, падыходжу да камня, — адказаў Маўглі. — Цяпер я саджуся ля камня, апіраючыся на правую руку і кладу свой лук паміж ног. Я чакаю доўга, бо тут мая нага глыбока ўціснулася...

- І я таксама... — казала Багіра, хаваючыся за камнем. — Я чакаю, абапершыся канцом востраканечнай штукі аб камень. Яна саслізнулася — во на камні шрам. — Раскажы свой след, Братка!

— Тут абламалася некалькі галінак і вялікі сук, — мармытаў Маўглі. — Што ж мне цяпер сказаць? А, разумею! Я, Малая Нага, іду прэч смела, з шумам і тупатам, так што Вялікая Нага чуе мяне...

І Маўглі крок за крокам пачаў аддаляцца ад камня, пакуль не дайшоў да невялікага водаспада. Адсюль ён крыкнуў Багіры:

— Я адыходжу далёка... туды, дзе шум вады заглушае мой шум... і тут чакаю. А які ў цябе след, Вялікая Нага?

Пантэра кідалася ва ўсе бакі, шукаючы следу Вялікай Нагі ад скалы, і, нарэшце, крыкнула:

— Я высоўваюся з-за камня на каленах, і валаку востраканечную штуку. Не заўважыўшы нікога, я пачынаю бегчы. Я, Вялікая Нага, бягу шпарка. След выразны. Няхай кожны з нас бяжыць па свайму следу. Я пабегла!

Кожны з іх кінуўся па сваіх слядах, і на некаторы час у Джунглях зрабілася ціха.

— Дзе ты, Малая Нага? — крыкнула Багіра.

Голас Маўглі пачуўся за пяцьдзесят крокаў.

— Ага! — прамармытала Багіра. — Цяпер сляды бягуць побач і паступова збліжаюцца...