Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Навошта табе Чацвёра? — скавала Багіра, пераступаючы нагамі, пабліскваючы вачыма і муркаючы гучней, як звычайна. — Я прытрымаю іх, Браток. Ці не будзе, нарэшце, бойкі? Гэтае пяянне і выгляд людзей, што караскаліся на дрэвы, надта скалапнулі мяне. Хто такі Чалавек, каб нам клапаціцца аб ім, аб гэтым голым, бурым, бяззубым стварэнні, што калупаецца ў зямлі? Я ішла за ім увесь дзень, нават у поўдзень пры яркім сонечным святле. Я гнала яго, як ваўкі гоняць аленя. Я — Багіра, Багіра, Багіра! Я гуляла з гэтымі людзьмі, як гуляю з сваім ценем. Глядзі!

Вялізная пантэра падскочыла, нібы малое кацянё, перакінулася ў паветры з магутнымі ўзмахамі лап, потым ціха апусцілася на зямлю і зноў заскакала і забуркала, нібы пара ў катле:

— Я Багіра, я ў Джунглях — цяпер ноч, і ўся мая моц са мною. Хто стрымае мой удар? Чалавечае Дзіцянё, адным ударам маёй лапы я магу сплюшчыць тваю галаву, як жабу ў летні дзень!

— Ну, што-ж, бі — сказаў Маўглі на чалавечай мове.

Пачуўшы чалавечыя словы, Багіра спынілася, адкінулася назад на задніх лапах і задрыжала, трымаючы сваю галаву супроць твара Маўглі. Маўглі-ж пільна глядзеў у яе зялёныя вочы, як раней глядзеў у вочы мяцежных ваўчанят.

І вось у зялёных вачах запаліўся чырвоны агоньчык, падобны да святла маяка, які знаходзіцца за дваццаць міль. Нарэшце вочы апусціліся, а з імі і вялізная галава, усё ніжэй, ніжэй — і шурпаты чырвоны язык дакрануўся да нагі Маўглі.