Старонка:Курганная кветка (1914).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ня ўсё я пайму, што учую,
Ды бачыш я гэтак мяркую:
У Бога ліш верыць нам трэба,
Што мае свой дом сярод неба,
Што месячык даў залаценькі,
Каб нам ён сьвяціў найміленькі;
Даў сонца праменьне, каб грэлі,
Даў птушкі, каб песьні нам пелі;
І зоры што ноч запаляе
Рука яго ў небі сьвятая,
Каб гдзе не блудзіў падарожны…
Глянь кожную траўку, куст кожны —
Ўсё гэта даў добры Бог з неба,
За тое кахаць яго трэба.

Раман (цалуе галаву Ганулі).

Мая ты, галубка малая,
Гануся мая дарагая,
Чаму-ж я не маю тэй веры?
Чаму-ж мой сьвет гэтакі шэры?
Як гляну я розуму вокам —
Там неба не бачу высока,
Абшар там, як сажа, так чорны
Раскінуў хтось дзіка-праворны,
А зоры у гэтым абшары
Пылаюць адвечным пажарам;
Іх хтось запаліў там ад веку,
На што? — знаць не даў чэлавеку,
І дарма на загадкі сьвету
Даём мы разгадкі ўсё гэты,
Бо мром, не згадаўшы нічога…
Там блудная вельмі дарога.