Старонка:Крытыка (Гародня).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

забіваюць яны зараз нашых прадстаўнікоў за мяжою, няхай зьдзекваюцца над нашымі братамі ў Заходняй Беларусі, няхай катуюць нашых таварышоў у „дзікім" Кітаі і ў „культурнай" Амэрыцы:

„Хай лëрды сьмяюцца, хай цешыцца пан,
Хай подласьці сьвята сьвяткуюць..
Мы зможам таксама паноў прывітаць
Сумленнай савецкаю куляй" (ст. 23).

Таго, для каго —

"Шлях рэволюцыі —
То молата удары
Для надыходзячых вякоў" (ст. 31).

Той не баіцца ворагаў, той сьмела і спакойна чакае на астатні бой, які надыходзіць, той заўсёды гатоў як належыць сустрэць ворагаў свае клясы. Вось чаму Дудар, у існасьці — такі пачуцьцёвы, такі гарачы, так спакойна разважае.

„Няхай ідуць,
Няхай нажы гатуюць.
Наш шлях адзін:
Заводы і палі" (ст. 19).

Вогуле вершы Дудара ў пераважнай сваёй большасьці эмоцыянальна моцна насычаныя, дынамічныя, ня толькі паводле формы, але і паводле зьместу, паводле агульнае свае пабудоўкі.

Характэрна, што нават вершы, пісаныя „по поводу“ розных офіцыйных урачыстасьцяй, юбілеяў ці сьвят — не схэматычныя, наадварот, нейкія надзвычайна цёплыя. Нават у іx Дудар умее даць запраўдныя перажываньні, паказаць жывых людзей з іх горам і з іх радасьцямі, нават у іх адчуваецца душа аўтара.

На вялікі жаль, эмоцыянальнасьць натуры Дудара мае і дрэнныя бакі: Ён захапляецца ня толькі тым, што бачыць навакол сябе, ён захопліваецца і літаратурай, якую ён чытае, яе тэматыкай, яе настроямі. Адгэтуль часам (хаця, трэба сказаць, рэдка) некаторыя яго вершы выходзяць ня зусім самастойнымі. Так, напр., у „Вежы" на ст. 54 зьмешчана быліца „Песьня пра Сінь-Вэя", паводле мотываў і настрояў сваіх даволі блізкая да поэмы Асеева „Двадцать шесть" (гл. Н. Асеев. Поэмы. ГИЗ, Москва—Ленинград, 1925 г., ст. 79-88). У вершы „На захадзе" („Вежа" ст. 16-18) адчуваецца моцны ўплыў Сяргея Есеніна, менавіта яго поэмы „36". Тут ужо гэтае падабенства выяўляецца не ў агульнай пабудове, не ў мотывах, а ў стылю і ў пабудове паасобных вобразаў і сказаў. Для ілюстрацыі даем урыўкі з вершу „На захадзе" паралельна з адпаведнымі ўрыўкамі з Есеніна:

„Шмат на зямлі рубяжоў —
Колькі-ж у іх крыжоў...
Але, каб усе крыжы
Крыжам адным злажыць, —
Будзе цяжэй за ўсе
Той, што наш край нясе".

„Много в России
троп.
Что ни тропа —
то гроб,
Что ни тропа —
то крест
До Енисейских
мест
Сто тысяч один
сугроб"

„Пяць непавінных, пяць
Ўсіх на крыжы не расьпяць".

„Двадцать шесть их было
След их снегом не заместь"... [1]

Мы зусім ня хочам сказаць, што такія выпадкі ў творчасьці Дудара зьяўляюцца вынікам злоумысьленьня з яго боку. Не, мы далёкія ад такой думкі. І мы лічым, што сіла таленту Дудара бязумоўна ў дастатковай ступені высокая, каб гарантаваць яго ад патрэбы каму-кольвек насьледаваць. Але акурат таму, што талент Дудара такі высокі, мы змушаны вымагаць ад яго больш крытычных адносін да свае творчасьці.

Ня гледзячы на ўсе свае хібы, ня гледзячы нават на тыя нежаданыя ўхілы, якія ў мінулым прасочваліся ў яго творчасьць, усё ж такі чытач адчувае, што Дудар — наш пролетар-

  1. Першая цытата з „36", а другая з „Баллады о 26" — Есенін. І тую і другую даем з
    памяці.