Старонка:Крытыка (Гародня).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Або

„Дзеда простага слоў ня ўтрымаў Ізяслаў (?)
Крыга сэрца яго,
Як паводкай, найшла.
На старых на плячох, як малы, ён рыдаў“…

Зразумела, што падобныя рысы героя поэмы зрабілі пэўны адбітак на яго характар, абумовіўшы бязмэтнасьць жыцьця.

„Як над морам паўночы ляціць альбатрос,
Над жыцьцём-нябыцьцём
Ён лунаў наўдагад“.

Бязмэтнасьць існаваньня яго сама сабою кідаецца ў вочы.

Калі пералічыць ўсе прыгоды і дзейнасьць Крылана, дык адразу кідаецца ў вочы яго недастасованасьць да жыцьця. І хоць поэта імкнецца зрабіць з яго „нейкага правадыра“ з гэтага нічога ня выходзіць.

„Крылан“ бязумоўна поэма ня сучасная, яна ідэалізуе ў вобразе Крылана людзей, якія адарваліся ад жыцьця і бясслаўна гінуць.

Што-ж да мастацкага аформленьня поэмы, то і тут прыходзіцца паставіць мінус. Форма цяжкая, шмат русыцызмаў, а часамі нават і „дзікіх“ зваротаў мовы, — усё гэта, разам узятае, паніжае вартасьць поэмы.

Зусім іншае мы бачым у поэме „Лясьнічанка“. У поэме багаты соцыяльны зьмест, больш-менш прыгожая форма, рэалізм тыпаў (хоць у стасунку да польскага афіцэра гэтага поўнасьцю казаць нельга).

Кавалак жыцьця сялян Заходняй Беларусі паказаны ў поэме так, як яно ёсьць, з усімі прыгодамі панскага панаваньня, героічнай барацьбой прыгнечаных за права жыць палюдзку, мімаволі пакідае ўзрушаючае ўражаньне.

У сваёй апісальнай частцы (хоць і нагадваючы Коласаўскую „Новую Зямлю“) поэта даў сапраўдны малюнак як апісаньню прыроды Беларусі, яе прыгожасьці, так і самому становішчу беларуса. А асноўная думка — гэта:

„Ня знае спакою араты
Над Нёманам, ці першы-то год“.

Цяжкія гады імпэрыялістычнай вайны, якая амаль увесь час адбывалася на палёх Беларусі і ў часе якой беларуса „сядзібы прымусіў пакінуць падужаны царскі казак“. Хваля ўцекачоў пад прымусам павінна была пакінуць родны кут, а цяжкое жыцьцë на чужыне, беспрацоўе, голад, холад, — усё гэта вырвала з жыцьця не аднаго беларуса. Не дарма спакойна ня можна чытаць, калі

„І костачак бежанскіх соткі
Убачыў і стэп і Урал,
І гінулі дзеці, малодкі,
Слаў Нёман сыноў на Байкал“.

Гэткае нядаўнае і ўсім нам зразумелае мінулае. А сучаснасьць? Што яна дае беларускаму сялянству на крэсах?

„Жыць цяжка на крэсах усходніх.
Марнуецца дарма народ.
Гудзіць Навагрудак, Гародня,
Пад Вільню ідзе карагод.
Ня можна ужыцца з панамі.
Як-бы ня тутэйшы стаў край“…

Нават „парадкі зямель пад‘ярэмных ужо лаяў стары каталік“. І калі старыя, да таго-ж каталікі, на якіх уплывае досыць моцна касьцёл, „ужо лаялі“ парадкі „пад‘ярэмныя“, дык моладзь

„Бяз слоў тых дарэмных
Паўстанцаў ўсё большыла лік“.

Чаго-ж ідзе моладзь у паўстанцкія аддзелы? Што прымушае яе брацца за зброю? Што бароніць яна? А вось —

„За зьдзекі асаднікаў дзікіх,
За землі паснулых дзядоў,
За соткі няпраўдаў вялікіх, —
Што ўсталі, як здані вякоў;
За уціск тутэйшага слова,
За крыўду бяспраўных дзяцей,
Якіх праз чужацкую мову
З-пад родных зрываюць грудзей;
За войтаў насланых учынкі,
За брыдкі жаўнерскі пастой,
За сьлёзныя матак расінкі, —
Адна тут адплата — крывёй“.

І магутным заклікам да барацьбы гучаць словы:

„Пакінь-жа прытульныя хаты.
Хутчэй павяжы паясы“.