Старонка:Крытыка (Гародня).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

недалёка, — хутар „Застава" і ў ім „нейкая арцель", — на „нейкіх паях" —

„вось, там, дружок.
зусім другая справа",

адным словам, — арцель можа будавацца, а індывідуальная гаспадарка — узьняцца ніяк ня можа:

„А наша справа, братка, —
швах..."
. . . . . . . . . . . .
ня вылезьці з лапцей,
ня вылезьці з саломы....

Ці праўда гэта? Няўжо Кляшторны ня бачыць, з якой надзвычайнай шпаркасьцю будуецца наша вёска? Здаецца, даволі толькі праехаць па Савецкім Саюзе, каб убачыць гэта! Але ўсё гэта праходзіць міма Кляшторнага...

Вось гэтая сьлепата яго і перашкаджае як сьлед, правільна падыйсьці да сучаснага. Мабыць, Кляшторны і сам адчувае гэта. Так, напрыклад, у вершы „У дарозе" — ён як-бы агітуе за сучаснае, заходзячыся апраўдаць гэтае сучаснае мінулым. Ён дае вельмі ўдалы малюнак — Старога, і гэты малюнак эмоцыянальна заражае чытача на карысьць сучаснага. А пра сучаснае Кляшторны гаворыць вельмі мала. Зацьверджаньне яго, што на месцы таго маёнтку, пра агіднае мінулае якога ён апавядае — „цяпер багацейшы саўхоз" — гучыць неяк занадта дэклярацыйна і зусім не пераконвае. Усё, што Кляшторны знаходзіць магчымым сказаць, каб апраўдаць сучаснае, гэта тое што: —

„... над нізкай сялянскай страхою
палынеюць зарніцы надзей".

З першага погляду — гэта вельмі рэволюцыйна. Але, калі ўдумацца ў гэтыя радкі, мімаволі прыдзецца прысьці да думкі, што „надзеі" могуць быць і ў чалавека, які знаходзіцца ў самых дрэнных жыцьцёвых умовах. Такім чынам, апраўдаць сучаснасьць адным толькі фактам наяўнасьці надзей — справа вельмі безнадзейная.

У вершы „Сьцюжа тут, сьцюжа пануе..." Кляшторны дае абразок жыцьця ў гарадзкім шматкватэрным доме. Ён дае гісторыю дому ў яго мінулым і сучасным. Што-ж ён дае? У мінулым — п'яныя афіцэры. У сучасным — нейкі падпанак з сям'ёю, які „носіць дваранскія транты". Калісьці — злыя сабакі, што „ноччу грызьлі ланцугі". Цяпер — „жучкава будка", якая вартуе „дальнюю зорную сінь", трухлявыя сьцены:

„дзе перажытага цені
точаць іржавы штылет"...

Нарэшце — „нехта“, які „ад партыйнае сьцежкі... вяслуе чаўны". Сумны малюнак у мінулым, сумны і ў сучасным.

Праўда, Кляшторны гаворыць, што:

„...над пахілай кватэрай
сьвецяць адменныя дні...
наша вялікая эра
паліць жывыя агні.
Нават у сьнежную дую.
нават у сьнежную муць
новыя сьцены будуюць,
новыя песьні пяюць...

Але зараз-жа зьнішчае ўвесь сэнс гатае агаворкі, дадаючы:

„чорт яго ведае, дружа.
дзе у жыцьці берагі...
Гойсае золкая сьцюжа, —
ў далі сьнягі,
і снягі..."

Такім чынам, побач з бязумоўным поступам у галіне тэхнічнай шліхоўкі вершу, мы маем у „Сьветаценях" Кляшторнага тыя-ж старыя мотывы, той-жа пэсымізм, той-жа беспадстаўны сум, які наглядаўся намі з самага пачатку ва ўсёй яго творчасьці. Кляшторны жыве, Кляшторны працуе над сабой. Але, на вялікі жаль, калі ня лічыць некаторага памяншэньня ўплываў богэмшчыны, што раней моцна адчувалася ў яго творчасьці, у галіне ідэолёгічнай у „Сьветаценях" не наглядаецца жадных зрухаў, жаданага да нас набліжэньня. У клясавым змаганьні Кляшторны яшчэ дагэтуль ня вызначыў сабе шляхі.

Алесь Гародня.