Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мерылі шырокімі крокамі поле, каторае належала цяпер да двара. Яны астанаўляліся, радзіліся, шукалі спосаб вярнуць сваю зямліцу.

— А вы вось ‘шчэ пахадзілі-б па полі, — сьмяяўся з іх дзед — можа што і выхадзілі-б.

— А што-ж ты кажаш рабіць? — пыталіся сяляне.

— Мне ня трэба зямлі. Я, брат, — у вырай скора; досі тапталі мае ногі сырую зямлю. Вунь дзе мая зямля! — і стары Юрка паказаў рукою на могілкі з трухлявымі крыжамі, што сіратамі стаялі ў полі, як і самі могілкі, абкопаныя нявысокім пяшчаным валам.

Раз, ужо ў позьнюю восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Сьцяпана выбралі дэпутатам і адправілі яго да вучыцеля.

— Пане вучыцель, — пачаў Сьцяпан, прышоўшы на кватэру вучыцеля: мы маем да вас просьбу. Ніколі вы нам кепскага не рабілі і кажаце нам адну толькі праўду. Напішэце вы нам пэтыцыю (прашэньне) да пана. Самі мы малаграматныя, а прасіць, апроч вас, няма каго: поп запужае нас пеклам, пісар — казакамі.

І Сьцёпка расказаў, у чым іх просьба.

— Вось паглядзеце на плян, калі ня праўду мы гаворым.

Сьцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у каторай быў плян і ўсякія дакуманты.

— Праўда: па пляну — зямля ваша — сказаў вучыцель, — толькі, браце, ня ведаю, ці паможа вам гэта пэтыцыя. Гэта выйдзе ня больш і ня менш, як страляньне вараным гарохам у цагляную сьцяну. А вы з панам нічога не гаварылі аб гэтым?

— Як не гаварылі? — гаварылі. Першы раз нам сказалі, што пана няма ў хаце, другі раз пан сказаў, каб прышлі іншым разам; а трэці раз, як прышлі, пан накрычаў, нашумеў — небаяўся; казакоў быў повен двор — і, паказаўшы сваю панскую сьпіну, ён схаваўся ў пакоях. Вось і ўся наша гутарка з панам.

— Ну, то добра. Я напішу вам; прыходзьце вечарам падпішацеся.

— Дзякуем вам, пане вучыцель!

Увечар, як рой пчол, гудзелі сяляне ў школе. Яны