Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел I

ВЫПАЛЕНАЯ ПРЭРЫЯ

Паўдзённае сонца ярка свяціла над велізарнай раўнінай Техаса, на поўдзень ад старога іспанскага горада Сан-Антоніо.

У залатых праменнях вырысоўваецца група прадметаў, незвычайных для дзікай прэрыі. Гэта — фургоны, кожны з іх пакрыты поўкруглым беласнежным навесам. Іх усяго дзесяць. Наўрад ці гандлёвы гэта караван або ўрадавы абоз. Хутчэй за ўсё які-небудзь перасяленец перавозіць сваю маёмасць у адзін з новых пасёлкаў на беразе ракі Леоны.

Выцягнуўшыся доўгай вераніцай, фургоны паўзуць па спякотнай саванне настолькі марудна, што іх рух амаль непрыкметны. Толькі ў сполаху ўцякаючая антылопа ды з крыкам узлятаючы кроншнеп сведчаць аб тым, што абоз сапраўды рухаецца.

Мяркуючы па ўсім, абоз належыць якому-небудзь багатаму плантатару. Кожны фургон, лепшага пітсбургскага вырабу, запрэжан васьмю дужымі муламі. Разам з абозам перасоўваюцца і негры-рабы. Жанчыны-нявольніцы з дзецьмі едуць на фургонах, а мужчыны або ідуць пехатою па баках абоза, або сумна плятуцца ззаду. Спераду едзе карэта, у якую запрэжаны выпеставаныя кентукскія мулы. На козлах негр-нявольнік томіцца ад гарачыні ў сваёй ліўрэі.

На чале картэжа, які суправаджае абоз, конна едзе сам плантатар — Вудлі Пойндэкстэр. Гэта высокі худы чалавек, гадоў пяцідзесяці, з бледным, злёгку жаўтаватым колерам твара і з адпячаткам суровай гордасці ва ўсёй знешнасці. Ён апрануты проста, але з густам. На ім свабоднага пакрою кафтан з альпагі, жылет з чорнага атласу і нанкавыя штаны. У выразе жылета відаць кашуля з тонкага палатна, перавязаная ля каўнера чорнай істужкай. На нагах, якія апіраюцца на страмёны, чаравікі з мяккай скуры. Саламяны капялюш з шырокімі палямі ахоўвае яго твар ад спякотных праменяў паўднёвага сонца.

Побач з ім два коннікі: адзін з правага боку, другі з левага. Адзін з іх — юнак, якому ледзь толькі споўнілася дваццаць год, другі — малады чалавек гадоў на сем старэйшы. Першы — сын Пойндэкстэра. Адкрыты, жыццерадасны твар юнака мімаволі