Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі змяя на працягу поўгадзіны не ўспаўзе на гэтага ірландскага дурня, то ў такім выпадку Зеб Стумп дурань. Стой! Што гэта? Чорт пабяры, няўжо гэта ён?

У гэтую хвіліну ўзняўся такі страшэнны шум, які мог-бы разбудзіць усю ваколіцу на адлегласці некалькі міль.

Спачатку пачуўся чалавечы голас або, правільней, чалавечы крык, такі, які мог вырвацца толькі з глоткі Феліма О‘Ніл. Яму пачалі ўторыць жывёлы, і неўзабаве крыкі Феліма патанулі сярод дзікага хору галасоў, у якім сабачы брэх зліваўся з конскім храпеннем і ірзаннем.

— Што здарылася? — запытаў гаспадар, скочыўшы з ложка і накіроўваючыся да ахопленага жахам слугі. — Што за нячыстая сіла ўспала на цябе? Магчыма, табе прыснілася здань?

— О, містэр Морыс, гош за здань! Мяне пакусала змяя, яна прапаўзла па ўсім маім целе. Святы Патрык, я бедны, загінуўшы грэшнік! Я, напэўна, зараз памру.

— Пакусала змяя? Скажы, дзе-ж? — запытаў Морыс, наспех запальваючы святло. Разам з паляўнічым, які паспеў ужо апынуцца ў халупе, ён пачаў аглядаць цела Феліма.

— Я не бачу ніякіх адзнак укусаў, — прадаўжаў мустангер, пасля таго як ён старанна агледзеў усё цела слугі, паварочваючы яго ва ўсе бакі.

— Няма нават драпіны, — коратка абазваўся Стумп.

— Не ўкусіла? Гэта добра. Але яна поўзала па ўсім маім целе. Я і цяпер адчуваю холад ад яе.

— Ды ці праўда, што тут была змяя? — запытаў Морыс з сумненнем ў голасе. — Магчыма, табе ўсё гэта толькі прыснілася, Фелім?

— Які тут сон, містэр Морыс! Гэта была сапраўдная змяя. Я вас запэўняю, што гэта так.

— Магчыма, што і была змяя, — умяшаўся паляўнічы. — Давайце паглядзім, можа быць, мы яе знойдзем. Вакол вашага дома ляжыць вяроўка з конскага воласа. Як-жа гэта змяя магла перабрацца праз яе? Стой, вось яна.

Гаворачы гэта, паляўнічы паказаў на вугал, дзе, скруціўшыся кальцом, ляжала змяя.

— Ды гэта-ж усяго толькі вуж — курачка, — прадаўжаў Стумп. — Ён не больш небяспечны за голуба. Пакусаць вас ён не мог, але мы ўсёроўна з ім расправімся.

Сказаўшы гэта, паляўнічы схапіў вужа ў руку, падняў высока і кінуў аб зямлю. Вуж страціў здольнасць рухацца.

— Вось і ўсё, містэр Фелім, — сказаў Зеб, наступаючы змяі на галаву сваім цяжкім абцасам. — Цяпер кладзіцеся спакойна спаць і спіце да раніцы, змеі вас больш не будуць турбаваць.

Падштурхваючы нагою забітага вужа, Зеб Стумп вышаў з халупы, весела пасмейваючыся. Трэці раз расцягнуўся ён сваім вялікім целам на траве палянкі і на гэты раз, нарэшце, заснуў.