Старонка:Клімковіч Дунін2.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА

Міхась КЛІМКОВІЧ

ВІНЦЭНТ ДУНІН-МАРЦЫНКЕВІЧ

Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцынкевіч, творчасць якога прыпадае на сярэдзіну мінулага стагоддзя, з'яўляецца адным з тых пісьменнікаў, якім належыць гонар быць заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры. Гісторыя не захавала нам імён аўтараў славутых паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», паэм, якія разам з творамі Дуніна-Марцынкевіча ляглі ў фундамант нашай літаратуры. З'явіўшыся на дзесятак-другі год раней першага твору Дуніна-Марцынкевіча, яны, як і творы Рыпінскага і Чачота, былі у той час яшчэ мала вядомы чытацкім колам. Адны з гэтых твораў, як вышэйназваныя паэмы, хадзілі ў асобных спісах, другія, як творы Чачота, друкаваліся пад выглядам этнаграфічных запісаў і не маглі да пары да часу пасведчыць аб нараджэнні новай літаратуры, літаратуры беларускага народа. Толькі творы Дуніна-Марцынкевіча, пасля доўгага перарыву паміж літаратурай старажытнага перыяда і ствараемай яго працай навейшай літаратурай, зноў ставілі беларускую літаратуру ў адзін рад з яе старэйшымі сёстрамі рускай і украінскай літаратурай. У гэтым вялікая заслуга нашага пісьменніка.

Мінск у той час, калі пачыналася дзейнасць Дуніна-Марцынкевіча, быў досыць буйным культурным цэнтрам. У ім стала працавала руская драматычная трупа, прыязджалі вядомыя ўсёй Расіі артысты. Быў і сталы польскі тэатр, развіццю якога шчыра дапамагалі мецэнаты з мясцовай знаці, часта ўкладваўшыя ў тэатральную справу значныя ўласныя сродкі. У Мінску ставіліся лепшыя драматычныя творы рускай, польскай і сусветнай класікі, шмат тэатральных навінак. Ставіліся оперы, прычым пры тэатры быў аркестр у складзе звыш 30-ці музыкантаў. Пастаноўка першага беларускага спектакля, а тым больш вялікай оперы, музыку для якой напісаў Станіслаў Манюшка, не магла прайсці незаўважанай. Былі