Старонка:Кляновыя завеі (1927).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Белыя паляны, белыя гаі…
Пчолы ледзяныя кружацца ў гальлі,

Кружацца раямі, сыплюцца на дол,
Апушылі хвоек срэбраны прыпол.

А з-за лесу-гаю скача па лугах
Хтосьці незнаёмы ў ледзяных санях.

З сіняватых даляў, з сіняватай цьмы,
Хтосьці навевае залатыя сны.

Месяц кучаравы, між сівых завей
Блудзіць над барамі, блудзіць, як зладзей.

Хай галосяць ветры ў цемені начной;
Сядзем, дарагая, пасядзім з табой.

Раскажы мне шчыра, праўду раскажы, —
Хто ў чароўных вочах зоры патушыў?!.

Хто замёў сьнягамі у душы вясну?
Сэрца хто параніў, — вымяў цяплыню?!