Старонка:Кляновыя завеі (1927).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А ў полі ціш,
Нямая ціш у полі…
І толькі вецер
Жоўтыя лісты
Разносіць з рогатам
На задуменных гонях,
Як старасьць моладасьці
Выцьвіўшыя сны.

Калі-ж, калі,
Калі у ціш нямую.
Сталёвыя
Засьвішчуць салаўі,
І новы сьпеў
І радасьць закрасуе
Над дываном
Засмучаных далін…

Прашла вясна
Як многа тысяч вёсен,
Прашла і згінула
Крыклівым журавом,
І зноў каса
Над пожнямі галосіць
І ціха шэпчуцца
Калосься пад сярпом.

Сыпнула восень
Рыжымі кудрамі.
Павісьлі сінія
Туманы на раку.
І зноў цапы
Драўлянымі зубамі
Ляніва шастаюць
Салому на таку…
......