Старонка:Кляновыя завеі (1927).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Рыжы, но,
Не глядзі з-за плуга,
Годзе слухаць табе салаўя!
Ўліў-бы ў косьці старэнькія пугай,
Тузгануў-бы,
Ды нечага жаль.
Помню, рыжы,
Па сіняй атаве
Жарабячы ты зух рассыпаў;
Ў заліхвацкай кадрылі
Ня раз капытамі
Раззлавана мяне частаваў.
Ты падрос
І мушатай кабыле
Сыпаў ласкі, разьвесіўшы чуб,
І ад рэўнасьці шыю намыліў
Вараному каню грывачу.