Перайсці да зместу

Старонка:Качаргой па абразох (1930).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВЫЛЕЧЫЛА

Каб яны ня ўбачылі сьвету,
Ні кавалачка хлеба, ні скваркі!
Бо квактухі-шаптухі знахаркі
Не адну маладзіцу-кабету
Без часіны загналі ў магілу!
На дзяцей-жа — ня хваціць і ліку,
Пра калек — і казаць цераз сілу,
Аж дрыжаць усе вёскі ад крыку!
Той бязвокі, другі з качарэжкай,
Трэці нема хістае рукамі,
Або землю матычыць даўбежкай —
Парабілі людзей жабракамі!
Ой, вы шэпты — знахарскія лекі!
І зімой, і вясной, і у леце
Цераз вас жабракі і калекі
Ходзяць з торбай і кіем па сьвеце!
Цераз вас і ўдава, і сіроты!
Цераз вас і труна і хаўтуры!
Не паб‘е вас пярун, абармоты,
Так, каб мяса адстала ад скуры!
Ах, чаму-ж вы, браточкі-сяляне,
Жывяце у знахарскім палоне?
Хай ён у сьвеце навукі растане
І у віры навекі затоне!