Перайсці да зместу

Старонка:Кастусь Каліноўскі (1945).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«чырвоныя». Згодна паказанняў слухача пецербургскай ваенна-інжынернай акадэміі Вараўскага яму ў 1860 годзе было прапанавана ўступіць у таварыства, якое ставіла сваёй мэтай падрыхтоўку паўстання. Для сувязі з таварыствам ён атрымаў ад урача Лабудзінскага прапанову звярнуцца да «чыноўніка Віктара Каліноўскага» (брата Кастуся), які, па словах Вараўскага, упэўніў яго, што «пачуццё нацыянальнасці жыве ў сэрцах усіх класаў і што жаданне аднаўлення (Польшчы — В. П.) ёсць агульнае жаданне ўсяго народа, што з гэтай мэтай утварыліся таварыствы ў розных гарадах, і што гэтае таварыства ёсць і ў Пецербургу». Такім чынам, калі не зусім сфарміраваная арганізацыя, то вядомае еднанне паміж ураджэнцамі царства польскага і частыя сходы іх, якія асноўваліся на імкненні вызваліць Польшчу і сумежныя польска-беларускія губерні ад царскай улады, у Пецербургу тады, бясспрэчна, былі. «Колакал» вельмі цікавіўся польскімі справамі, у ім было многа артыкулаў, прысвечаных Польшчы і паўстанню, якое рыхтавалася. На сходах гурткоў і пецербургскай арганізацыі палякаў гэтыя артыкулы чыталіся на іх ішлі гарачыя спрэчкі.

Каліноўскі, бясспрэчна, быў актыўным членам многіх з гэтых сходаў. Яго гарачы і жывы характар штурхаў да ўдзелу ва ўсім тым, што так ці інакш датычыла яго радзімы. І калі ў паветры запахла рэволюцыяй, ён з усім запалам сваёй маладой і страснай душы стаў на бок тых, хто абяцаў вызваленне родных яму зямель з-пад уціску царскага самаўладства. Як у пытанні аб характары польскай рэволюцыі, так і ў пытанні аб вызваленні мужыкоў з-пад уціску памешчыцкай улады ён стаў на бок поглядаў Герцэна і часткова Бакуніна. Погляды Герцэна па польскаму пытанню ў асноўным зводзіліся да наступнага: па-першае, ён прызнаваў права Польшчы на аддзяленне ад Расіі і на незалежнае палітычнае існаванне. Ён лічыў, што вызваленне Польшчы будзе штуршком да вызвалення і ўсёй Расіі. «Вызваленне Польшчы ёсць палова вызвалення Расіі», - казаў ён[1]. За гэта спачуванне да Польшчы ён выклікаў да сябе шалёную нянавісць з боку рускага, так званага адукаванага грамадства, між іншым, нават з боку І. С. Тургенева. Але, гаворачы словамі Маркса, сваёй рашучай абаронай права Польшчы на самастойнае існаванне ён даказваў сваю «рэволюцыйную сумленнасць»[2].

Па-другое, Герцэн у вырашэнні сялянскага пытання ў Польшчы даволі значна разыходзіўся з кіраўніцтвам «чырвоных».

  1. Такіх-жа поглядаў на тое, што перамога рэволюцыі ў Польшчы — ёсць справа ўсерасійскага прагрэса, трымаўся і Бакунін. У пісьме да афіцэраў, якія служылі ў Польшчы, Бакунін пісаў: «Паражэнне партыі руху ў Польшчы будзе мець абавязковым вынікам часовую перамогу царскага дэспатызма ў Расіі».
  2. Маркс і Энгельс. Творы, т. ХХІІІ, стар. 134.