Перайсці да зместу

Старонка:Кастусь Каліноўскі (1945).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вызваленчаму пытанню выказваў Бакунін. Ён асуджаў польскіх урапатрыётаў за агрэсіўныя імкненні і пісаў, што «Польшча павінна адмовіцца ад Русінаў і Галіцыі, ад Літвы і ад Белай і Малай Расіі... Гістарычнае права нічога не значыць, і мы яго не прызнаем».

Гэтыя думкі Герцэна і Бакуніна, якія датычылі польскага паўстання, К. Каліноўскі ўсвоіў у поўнай меры і за іх ён ве барацьбу з іншымі будучымі ўдзельнікамі польскай рэволюцый пакуль толькі ідэалагічна. Яго стройны стан і прыгожая галава юнака з гарачымі вачыма і звонкім голасам вабілі да сябе ўвагу на усіх сходках, і ён рабіўся ўжо прыкметнай асобай сярод беларуска-літоўскай групы пецербургскіх студэнтаў.

У 1861 годзе ён скончыў Пецербургскі універсітэт са ступенню кандыдата права. Гэта супала з агульным ажыўленнем палітычнага руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Цяпер яму прадастаўлялася магчымасць ажыццявіць свае думкі на практыцы і выйсці на вялікі шлях рэволюцыйнай дзейнасці. Яго клікала само жыццё.

З другой чвэрці ХІХ стагоддзя ў панскіх гаспадарках Літвы і Беларусі пачала развівацца авечкагадоўля, цукровая і вінакурная вытворчасць. Памешчыкам спатрэбілася больш зямлі. і яны пачалі захопліваць сялянскія землі, павялічваючы пры гэтым для апрацоўкі сваіх растучых маёнткаў сялянскую паншчыну. Паншчына вырастала да шасці дзён у тыдзень. Павялічвалася і падушная подаць, падаўшая на сялянскія двары. Сяляне не маглі звесці канцы з канцамі, елі хлеб з мякінай або гатавалі сабе праснакі папалам з травою і ліпавым лістам. Нават губернатары ў сваіх сакрэтных справаздачах міністру ўнутраных спраў і сам шэф жандармаў прызнавалі, што землеўласнікі і чыноўнікі прад'яўлялі несправядлівыя і празмерныя патрабаванні ў адносінах да сялян і «клапаціліся толькі аб уласных выгадах». У адказ на гэта па ўсёй Беларусі і Літве шырока разліліся сялянскія паўстанні. Яны набылі больш востры і шырокі характар, чым у астатняй царскай Расіі, і нездарма рэформа 1861 года пачалася якраз з беларускіх губерняў. Там для памешчыкаў склалася асабліва небяспечнае становішча, і ўзнікала неабходнасць унесці ў сялянскае асяроддзе супакой некаторымі рэформамі.

Але і пасля правядзення рэформы становішча сялян мала налепшылася. На іх лёг велізарны цяжар выкупной аплаты падаткаў. Прыгоннае рабства было фармальна скасавана, але на змену яму ішло капіталістычнае ярмо з усімі яго невыноснымі цяжкасцямі. Таму і ў перыяд правядзення сялянскай рэформы сялянскія хваляванні не спыняліся. Яны ахапілі амаль усе раёны Беларусі і Літвы Віленшчыну, Міншчыну, Беластоцкі павет, Магілёўшчыну, Віцебшчыну і іншыя обласці.