Перайсці да зместу

Старонка:Кастусь Каліноўскі (1945).pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Акадэмік В. ПЕРЦАЎ

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

У літаратуры, прысвечанай паўстанню 1863 года, ёсць думка, што народныя масы, у асаблівасці сялянства, адыгрывалі ў ім слабую ролю і нават былі варожа настроены супроць паўстання. Думку аб няўдзеле і нават варожасці сялянскіх мас да паўстання ўзмоцнена падтрымлівала руская рэакцыйная прэса і часткова самі прадстаўнікі рускай улады часоў паўстання - на чале з Мураўёвым-вешацелем. Рускаму ўраду таго часу было важна прадставіць паўстанне 1863 года, як выключна дваранскую зацею, якая мела сваёй мэтай адарваць Польшчу ад Расіі з яе добрачыннымі для народа самадзяржаўнымі парадкамі і падпарадкаваць народныя масы невялікай кучцы польскіх арыстакратаў. Удзельнік падаўлення паўстання і адзін з бліжэйшых памочнікаў Мураўёва генерал Чэрэвін пісаў у сваіх мемуарах, што «сялянства заставалася дакуль магчыма верным ураду»[1]. У тым жа духу пісаў ідэалагічны правадыр усерасійскай рэакцыі Каткоў у чорнасоценных «Московских ведомостях»: «Польскае паўстанне зусім не народнае паўстанне, паўстаў не народ, а шляхта і духавенства». У яго-ж мы чытаем: «Пра польскі народ амаль не можа быць гутаркі. Мы ведаем польскіх паноў, польскае шляхецтва..., польскага народа мы не ведаем»[2]. У адносінах да насельніцтва Віцебскай губерні такую-ж характарыстыку вернападданіцкіх яго пачуццяў дае ў сваім дакладзе цару генерал-маёр Вяроўкін: «Палякі не ведалі рускага народа, яны не ведалі, што ў масе прыгнечанага імі насельніцтва свята захаваліся любоў да прастору і айчыны і што пачуцці вернападданіцкага абавязку не маглі пахіснуцца ў сялянах»[3].

  1. Черевин. «Воспоминания». «Русская старина», № 36, 1884 г., стр. 621. Гл. таксама «Донесение шефу жандармов князю Долгорукову, полковника Рейхарта от 14 февраля 1863 года» (Апублікавана ў выданні: «1863 г. на Меншчыне». Інстытут Беларускай культуры. Польскі аддзел, стар. 11, 1927 г.)
  2. Цытыруецца па выданню «История ХІХ в.», т. III, стар. 321.
  3. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі, т. II. 1940 г., стар. 484.