Старонка:Каспяровіч Каганец.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Такі-ж гістарычны характар мае і чацьверты няскончаны драматычны твор Казіміра Карлавіча—„Сын Даніла“. У ім у трох дзеях ужо ўдала паказана змаганьне за родны край на аснове пэўных бытавых умоваў.

Такім чынам, Казімір Карлавіч выявіў у сваіх драматычных творах багатыя здольнасьці беларускага драматурга, але і тутака, як і ў апавяданьнях, большасьць засталося няскончаным, калі ня думаць, што няскончаныя толькі чарнавыя накіды, а скончаныя орыгіналы дзесь загінулі. Бясспрэчна адно—і драматычнай яго творчасьці побач з беднасьцю ня спрыяла тое, што ён не друкаваўся ў такой меры, як іншыя тагочасныя і пазьнейшыя беларускія пісьменьнікі. А апошняму ў сваю чаргу спрыялі некаторыя разыходжаньні Казіміра Карлавіча з тагочаснымі беларускімі культурнікамі па пытаньнях соцыяльных і культурна-нацыянальных, аб чым гутарка ніжэй.

Хараство Беларусі Казімір Карлавіч паказваў ня толькі ў літаратурных, але і ў выяўленча-мастацкіх творах. І калі ў галіне літаратурнай ён быў адным з першых у новай літаратуры, то ў галіне апошняй ён быў адзіным і выключным пачынальнікам новачаснага беларускага мастацтва.

Што-колечы аб яго мастацкай чыннасьці можна знайсьці ў яго перапісцы. Так выдавецкая суполка „Загляне сонца"... у 1906 годзе прасіла яго рабіць рысункі да сваіх уласных кніг і наогул, а ў 1909 г. яму была заказана вокладка да кніжкі Я. Коласа „Другое чытаньне для дзетак беларусаў". У лістох з турмы Казімір Карлавіч шмат разоў успамінаў аб сваёй мастацкай працы. „Я тутака патроху малюю, можа што зароблю на будушчэ",—пісаў ён жонцы (21.8.1910). „Пытаеш, Ганнулька, што малюю,—малюю я галоўкі беларусаў і сцэнкі з камернага жыцьця“ (23.9.1910). Але гэта камернае жыцьцё амаль не давала матар'ялу для рысаваньня: „А, дзетачкі, дамагаецеся рысункаў, а я бачыце ня маю што рысаваці, усёроўна як і пісаці; няма ў вуме матар'ялу. А вы патрывайце да паўлета, пакуль я прыеду і прывязу вам рысункаў" (11.4.1911). Казімір Карлавіч усё спадзяваўся на будучыну, калі ён будзе на волі і зможа больш тварыць і пазбавіцца ад турэмнай нуды: „Пішаш, штоб рысаваць дзецям, а тут мне ніякай ахвоты рысаваць няма... Нарысаваў-бы я вам што, да лянуюся, ужо вы мяне выбачце. Бог дасьць скора ўжо прыеду, то і нарысую вам над вашу каманду, а то ня ведаю як вам угадзіць—і сьвіньні ня добра і дзеці пагана... але нечага рабіць, паспытаю вам нарысаваць старцоў, калі з дзяцей ня рады“ (12.3.1911). І ўсё-ж на працягу