Старонка:Каспяровіч Каганец.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І Карусь Каганец ня толькі меў здольнасьці і сьмеласьць, але і ўзяўся за ўсё гэта. Ен выявіў сябе і як упарты рэволюцыянэр-народнік, і як незалежны навуковы працаўнік, і як шматбаковы пісьменьнік-поэта, прозаік, драматург, дзіцячы пісьменьнік, і як мастак, і як пэдагог і популярызатар, і як селькор, і наогул, як высока-культурны дзеяч з багатай эрудыцыяй. Каб даць свайму народу што-небудзь геніяльнае хоць-бы з аднэй названай галіны,— трэба мець добрае здароўе, спрыяючыя матар'яльныя ўмовы, і аддаць на гэта цэлае жыцьцё. А Каганец ня меў ня толькі гэтага, але і магчымасьці аддацца працы з аднэй якой-небудзь вышэй названай галіны яго дзейнасьці—трэба было працаваць над усім адначасна. Вось таму Каганец не стаіць волатам у нашым мінулым, а зьяўляецца толькі адным з выдатных майстроў-будаўнічых таго будынку-жыцьця, у якім мы жывем. Яго жыцьцёпіс будзе чытацца з цікавасьцю кожным, а яго працай будуць карыстацца і вучоныя, і мастакі, і будаўнікі жыцьця, і дзеці.

Карусь Каганец—гэта псэўдонім, які сымболізуе, называе ўсё жыцьцё гэтага чалавека. Сапраўднае яго прозьвішча—Кастравіцкі Казімір-Рафаіл Карлавіч. Рэдка ён падпісваўся Будзімірам, К. Шашалем або іншымі псэўдонімамі. Паходзіў Казімір Карлавіч з старой беларускай фаміліі, зацьверджанай у дваранскай годнасьці з гэрбам „Байбуза" ўказам Правіцельствуючага Санату Гэрольдзіі ад 30 чэрвеня 1834 г. за № 16277 на імя Менскага Дваранскага Сабраньня і запісанай апошнім у шостую частку дваранскай радаслоўнай кнігі Менскай губ., пасьля пераезду яе сюды з Кастравіч на Горадзеншчыне, г.-зн. адбылося пералічэньне з Віленскіх дваран у Менскія. Даўней-жа род меў прозьвішча Бакуновічаў, баяр Мсьціслаўскіх, адкуль ён і пераехаў на Горадзеншчыну.

На Меншчыне дзяды і бацькі Казіміра Карлавіча мелі фальварак Навасёлкі пад Койданавам. У ім гаспадарка вялася згодна тагочасным найноўшым дасягненьням сельска-гаспадарчай навукі, а каля 6 сялянскіх двароў, якія належалі да фальварку, не адбывалі паншчыны, а жылі на правох чыншавікоў, што зьяўлялася ў той час ня частым выпадкам.

Бацька Казіміра Карлавіча, гарбаты з нараджэньня, быў высокаасьвечаным чалавекам і меў добрую спэцыяльную сельска-гаспадарчую адукацыю (скончыў Пулавы?). Яго жонка, г. зн., матка Казіміра Карлавіча, была з багатай сям‘і Сьвентаржэцкіх з-пад Стоўбцаў і скончыла Віленскі інстытут. Пабраліся яны, калі яму было каля 40, а ёй каля 19 год. Бацька Казіміра Карлавіча вельмі любіў музыку, а дзед па лініі маткі быў амаль не валах, бо згодна паданьню