лёгіка—навука аб законах мысьленьня. Могуць памылкі паўставаць адразу-ж ужо пры мамэнце самага ўспрыйманьня ўражаньняў, або пры рэпродукцыі. Сьведама выкліканыя памылкі, з мэтай асьвятленьня нечага не такім, якім яно ёсьць, называем маной. Апрача таго памылкі бываюць прыпадковыя і часта ўзьнікаюць ад дэфэктаў у нашых ворганах.
Ільлюзыя і галюцынацыя. Часта ў выніку неправідловага ўспрыйманьня ўражаньняў у чалавека паўстае такі стан сьведамасьці, які мала адпавядае сапраўднасьці. Гэткае зьявішча псыхічнае называем ільлюзыяй. Напрыклад, некаму здалося, што ў пакоі нешта стаіць каля дзьвярэй, у той час, як у тым мейсцы вісела пальто. У даным выпадку маем прадмет, які ўспрыймаем, але ўспрыняцьце ўражаньня ад гэтага прадмету — здэфармаванае, неправідловае. Добрым прыкладам гэткага неправідловага ўспрыняцьця ўражаньняў можам знайсьці ў творы Гётэ „Лясны Кароль“ (Erlkönig).
Блізкай да ільлюзыі ёсьць галюцынацыя. Апошняе зьявішча чыста хвараблівае, бо без усялякіх вонкавых пабуджэньняў узьнікаюць у чалавека абразы зусім не адпавядаючыя сапрауднасьці. Уласьцівы такі стан людзям нэрвова-хворым або вычэрпаным. Напр.: нехта выразна бачыць, як праз дзьверы ўвайшоў дзед і праз пэўны час зьнік, прычым ніхто з прысутных у пакоі гэтага ня бачыў. Пры галюцынацыях на маем ніякіх вонкавых раздражальнікаў. Прычынай ільлюзыяў і галюцынацыяў ёсьць нарушэньне каркавых цэнтраў у мазгу. Віды галюцынацыяў пераважна бываюць зрокавыя і слухавыя або зрокава-слухавыя. Калі-ж чалавек сьпіць і сьведамасьць вельмі нязначная тагды адчыняецца шырокае поле для галюцынацыяў.