Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праз некі час мы бачым езуіцкіе колегіумы ў такіх гарадох, як Полацак, Смаленск, Несьвіж, Мсьціслаў, Віцебск, Менск, Орша, Магілёў і г. д. Школа зрабіла сваю справу добра. Дзеці шчырых працаўнікоў рэформацыі і праваслаўя сталі шчырымі каталікамі. Прыкладаў ёсьць шмат. Чатыры сыны Мікалая Радзівіла Чорнага пад уплывам езуіцкай адукацыі прынялі каталіцтва. Адзін з іх прыняў нават сан і зрабіўся пасьля сьмерці Валярыяна Пратасэвіча віленскім біскупам. Другі сын, Мікалай, празваны Сіротка, затраціў 5000 чырвонцаў на тое, каб знайсьці кнігі бібліі, каторую выдаў яго бацька, і спаліць іх рукою ката. Тое самае было і ў фаміліі вядомага абаронца і заступніка праваслаўнай веры, князя Канстантына Астроскага. Яго сыны перайшлі ў каталіцтва, а ўнучка, для пашырэньня каталіцтва, ужо крыўдзіла тых, каму дапамагаў і за каго заступаўся яе дзед.

Робячы ўплыў на моладзь, езуіты не забыліся і пра шырокія масы грамадзянства. Там яны працавалі праз школу, тут праз царкву. Ужо ў 1572 годзе езуіты дасталі для свайго набажэнства касьцёл сьв. Яна ў Вільні. Шмат грошай затрацілі яны, каб гэты касьцёл рабіў уражаньне на масы. Быў пастаўлены выдатны арган, заведзена выдатная музыка і сьпевы. Народ вялікаю грамадою паваліў да новага касьцёлу і даў слухачоў для езуіцкіх казаньняў. Хутка касьцёламі і кляштарамі пакрылася ня толькі Польшча, але і Беларусь. Абноўленае і пасіленае езуітамі каталіцтва пачало выціскаць лютэранства, кальвінізм, унітарства і др. вучэньні рэформацыі. Вышэйшыя станы беларускага грамадзянства, зацягнутыя раней ў рэформацыйны рух, цяпер пераходзілі ў каталіцтва. Вядома, што, напрыклад, у Вільні праз 5 гадоў ад прыезду езуітаў навярнуліся ў калаліцтва каля 6 тысячаў жыхароў места.

Такім чынам каталіцтва заняло месца рэформацыі сярод беларускіх магнатаў, шляхты і часткі мяшчан. Стаўшы каталікамі, яны рабіліся палякамі, бо згінула тая, важная да таго часу, розьніца, якая была паміж імі і польскай шляхтай і магнацтвам. Для іх ужо непатрэбна была рэлігійная вунія, бо яны палітычна, соцыяльна і рэлігійна былі ўжо адным народам з палякамі.

Але, апроч магнатаў і шляхты, жыў яшчэ на Беларусі і просты народ, каторы ў час рэформацыі астаўся някрануты яе ўплывам. Ён дзяржаўся праваслаўнай веры. Цяпер трэба было зьвярнуць увагу і на яго. Падыйсьці да яго проста было трудна, бо ён, як народ цёмны, ня цікавіўся запутанымі догматычнымі тэорыямі і дзяржаўся свае веры толькі затым, што яна прышла да яго розуму і пачуцьця па традыцыі ад яго дзядоў і бацькоў. Трэба было падыйсьці да яго абходным шляхам. Як такі шлях, езуіты і прапанавалі