Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з крыжакамі пры Гедыміне йшла з пераменным шчасьцем. Некалькі разоў ліцьвінам удавалася браць над імі верх, але наагул кажучы, Літва і Беларусь былі слабейшыя. У барацьбе з крыжакамі загінуў і сам Гедымін. Пад 1341 годам у адным з рускіх летапісаў гаворыцца, што Гедымін загінуў пры аблозе аднае нямецкае крэпасьці, паранены крыжакамі.

У часы Альгерда і Кейстута амаль-што ня ўвесь цяжар барацьбы з немцамі ляжаў на Кейстуце, каторы быў кіраўніком заходняй палавіны гаспадарства. Барацьба йшла без перарыву. Немцы, замест вялікіх паходаў, робяць паходы дробныя, але затое частыя. Такія паходы яны завуць рэйзамі. Кожны дзень, кожную гадзінку павінны былі ліцьвіны чакаць неспадзёванага ворага. Якія-небудзь 100 ці 200 крыжакоў, а часам і менш, добра ўзброеныя, на добрых конях урываюцца раптам у сумежныя з ордэнскімі літоўскія землі, паляць гарады і вёскі, хаты і гумны, б’юць жыхароў або бяруць у палон. Разам з людзьмі гоняць яны ў свае межы жывёлу і цягнуць маемасьць. Часам, у адзін год было па некалькі такіх рэйзаў. За 30 гадоў князяваньня Альгерда, згодна нямецкім летапісам, лічыцца каля сотні такіх паходаў.

Каб спыніць ворага і ня даць яму магчымасьці ўвайсьці на сваю тэрыторыю, і немцы і Літва на межах муруюць крэпкія замкі. Найкрапчэйшы з літоўскіх замкаў таго часу быў замак у Коўне. Многа разоў падступаліся немцы да замку, многа разоў маніліся ўзяць яго, але замак, вымураваны з каменьняў і цэглаў чужаземнымі і мясцовымі майстрамі, стаяў нярухомы і бараніў межы Літвы. Кожны раз выпускаў ён з-за сваіх муроў узброеныя сілы ліцьвіноў на помсту немцам за іх рэйзы на Літву. Толькі, сабраўшы ўсе свае сілы і запрасіўшы на дапамогу чужаземных рыцараў, забралі, урэшце, немцы гэты грозны замак, ці лепш кажучы, яго руіны, бо ліцьвіны толькі тады пакінулі яго, калі ён быў зусім зруйнованы. Але прайшоў год, прайшоў другі, — і ліцьвіны зноў, недалёка ад руін, збудавалі новы замак, ня менш крэпкі, як стары.

Не заўсёды йшла так барацьба. У часы хатніх спрэчак Літоўска-Беларускае гаспадарства само умешвала крыжакоў у свае хатнія справы. Так рабілі, напрыклад, і Ягайла, і Кейстут, каторыя зьвярталіся да крыжакоў у барацьбе за велікакняскі пасад. Крыжакі ахвотна ўмешваліся ў жыцьцё Літвы, добра разумеючы, што гэтым яны аслабляюць сілу шкадлівага для іх гаспадарства суседа. Але спрэчкі праходзілі, Літва і Беларусь зноў браліся за зброю проці свайго ворага. Змаганьне з немцамі было аднэй з прычын злучэньня Літоўска-Беларускага гаспадарства з каралеўствам Польскім у 1386-м годзе. І трэба ад’значыць, што гэтае злучэньне было вельмі шкадлівае для ордэнаў. У 1410-м годзе