Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вядомы гісторык Ярашэвіч, каторы гаворыць, што калі-б так справы йшлі праз некаторы час, то ліцьвіны прынялі-б беларускую мову, звычаі, законадаўства і праваслаўную веру, нават іх народнасьць зьмянілася-б на беларускую. Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і беларускім элемэнтамі дзяржавы залежала ад тога, што Літоўска-Беларускае гаспадарства было збудавана больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны. Полацкае гаспадарства ў канцы свайго істнаваньня не магло даць сваім падданым грамадзянскага спакою. Мы ведаем, што ў грамадзянстве йшла, клясовая барацьба паміж лепшымі і подлымі людзьмі, паміж эксплёатуючым капіталам і працавітаю беднатою. Апроч таго, ня было забесьпечаньня ад міжусобных боек паміж асобнымі валасьцямі і гарадамі гаспадарства. Усё гэта не магло даць адпору новаму концэнтрацыйнаму руху, каторы йшоў з боку Літвы і яе князя. Асобныя воласьці і гарады ахвотна прызнавалі новую ўладу. Як на выключэньне, можна паказаць толькі на Смаленск з яго тэрыторыяй, каторы быў прылучан да Літвы шляхам вайны. Але і тут яшчэ раней была партыя, каторая цягнула да Літвы і адчыніла гарадзкую браму літоўска-беларускаму войску. Жыхары быўшай Полаччыны без протэсту прынялі ўладу літоўскіх князёў, каторыя прыносілі з сабою абарону ад сільных суседзяў і давалі спакой ад міжусобнай хатняй барацьбы.

Мы ведаем, што ў гісторыі полацкага пэрыяду Беларусі вялікую вагу ў дзяржаўным і грамадзянскім жыцьці краю мела веча. Новая дзяржаўная ўлада не нарушыла гэтай старажытнай ідэі народапраўства. Наадварот, літоўскія вялікія князі асобнымі граматамі забясьпечвалі правы законадаўчага веча. У аснове ўсіх грамат літоўска-беларускіх гаспадароў, якія даваліся асобным гарадом і валасьцём, мы заўсёды можам знайсьці такія словы: „гаспадар старыны не нарушае і навіны ня ўводзіць“. Кожная воласьць быўшай Полаччыны, уваходзячы ў склад новага гаспадарства не адходзіла ад сваіх старых традыцыяў і захоўвала свой твар. Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе, дзе ўвакол Масквы таксама пачалося зьбіраньне і концэнтрацыя дзяржавы — ўсходняй Русі. Масква, зьбіраючы Русь, закасуе гэтую старарускую ідэю народапраўства. Будзе ісьці крыжацкае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць грунт для бязупыннае сваволі, напрыклад, Івана IV Грознага. Усякая асобная воласьць, каторая ўваходзіць у склад Маскоўскага гаспадарства, павінна будзе страціць свой асабісты твар. Будзе скасована індывідуальнасьць тэрыторыяльная.

Не касуючы правоў веча і старарускай ідэі народапраўства, новая дзяржаўная літоўска-беларуская ўлада будзе імкнуцца скасаваць уладу асобных мясцовых князёў.