Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гораднам, Воўкавыскам і інш. Яго падручныя князі ў гэты самы час зацьвярдзіліся ў Полацку. Сталіцаю свайго гаспадарства Мэндаўг зрабіў Наваградак.

Такім спосабам, Мэндаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было ня проста Літоўскім, а Літоўска-Беларускім. Літоўскі гаспадар добра разумеў, што аперціся толькі на ліцьвіноў ён ня можа. Племя ліцьвіноў было невялікае, апроч таго у ім ня было культурнай сілы. Трэба было ўцягнуць да дзяржаўнага жыцьця славянскае грамадзянства. Толькі яно было тым элемэнтам, з каторага можна было ўзяць і ўзброеную сілу, і арганізацыйна-культурную традыцыю, каторая была вельмі патрэбна для маладога, яшчэ слаба арганізованага, гаспадарства. І Полацкая Русь, пэўна, дала новаму гаспадарству свае парадкі, звычаі, ўстановы і культуру.

Новаму гаспадарству найбольш пагражалі крыжакі. Яны карысталі з кожнага выпадку, каб рабіць паходы на Літву і Беларусь. Мэндаўг, добра ведаючы, што барацьба з немцамі яшчэ немагчыма, зьдзержваў іх, пасылаючы ім падарункі. Каб лепш забясьпечыць сваё гаспадарства ад нападаў крыжакоў, ён навет прыняў у 1250-м годзе хрысьціянства. Разумеецца, гэтае хрышчэньне мела толькі палітычную мэту і „было льстиво“, як кажа летапісец. Зрабіўшыся офіцыяльна хрысьціянінам, Мэндоўг з натуры не зьмяніўся. Ён, як і раней, прыносіў афяры сваім старым паганскім багом: як раней, выходзячы на паляваньне, баяўся, каб заяц не перабег яму дарогі. Выявілася ўсё такі, што гэта „льстивое“ хрышчэньне не забяспечыла Літвы ад нападаў немцаў. Тады Мэндоўг зрокся хрысьціянства, стаў на чале абуранага народу і так разьбіў немцаў, што яны доўгі час устрымліваліся ад паходаў на літоўска-беларускія землі.

Асобныя князі ня былі здаволены самаўладзтвам Мэндаўга. Яны апіраліся на мясцовыя сэпаратыўныя жаданьні. Ня маючы моцы адкрыта змагацца з Мэндаўгам, яны ўчынілі згавор. Грошы адчынілі ім дзьверы да спальнага пакою гаспадара. Напаўшы на сьпячага князя, яны забілі яго разам з двума малалетнімі сынамі. Так скончылася першая проба будоўлі літоўска-беларускага гаспадарства. Забіўшы Мэндаўга, згаворшчыкі пачалі дзяліць уладу паміж сабою. Кожны з іх, тым ня меньш, добра разумеў, што грунтоўным напрамкам палітычнага жыцьця Літвы і Русі ёсьць злучэньне ўсіх земляў. Кожны з іх хоча ўзяць выкананьне гэтай мэты на свае плечы. Пачынаецца барацьба за вярхоўную ўладу паміж тымі, хто ня мог цярпець цяжару вярхоўнай ўлады Мэндаўга.

Спачатку ўладу атрымаў некі князь Таўцівіл. Праз некі час мы бачым на чале маладога гаспадарства жмудзкага