Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разьбіваў жыхароў яе таго часу на два лягеры, непадобныя адзін да аднаго. З аднаго боку стаяла ня вельмі вялікая грамада людзей з аграмаднай маемасьцю і белымі чыстымі рукамі. З другога боку стаяла вялікая грамада, з маленькай маемасьцю, або і без яе, з працавітымі, мазалістымі рукамі. Першыя зваліся людзьмі добрымі, лепшымі, другіе — меншымі, подлымі.

Добрыя, ці лепшыя людзі — гэта былі гандляры і земляўласьнікі краю. Іх крамы і дворы былі раскіданы па ўсей тэрыторыі. У іх руках была вялікая сіла гандлёвага і зямельнага капіталу, з каторым часта не маглі спрачацца і змагацца нават князі. На вечах яны мелі перавагу не затым, што іх было многа, а затым, што ў іх бок цягнулі эканамічна залежачыя ад іх дробныя людзі, баючыся іх, як капіталістых. Гэта зразумела тым больш, што галасаваньне на вечах ня было патаёмнае. Лепшыя людзі паміж сабою таксама дзяліліся на паасобныя групы, больш ці меньш багатых людзей. Багацейшыя фаміліі гэтых заможных людзей з роду ў род давалі прадстаўнікоў на грамадзянскія і палітычныя ўрады і такім спосабам выдзяляліся з свае соцыяльнай групы, як знатнейшыя. Гэта і ёсьць баяры. Яны часта вялі барацьбу з князямі дэмакратычнага настрою і ў іншыя часы перамагалі іх. Так, напрыклад, было ў Полацкай воласьці пасьля сьмерці Ўсяслава Васільковіча ў 1180-м годзе, калі баяры полацкія праз веча залажылі вядомую ўжо нам рэспубліку, на чале каторай сталі 30 чалавек старшын.

Усе бедныя жыхары Полаччыны зьліваліся ў адзін многалюдны кляс меншых, ці подлых людзей. Жылі яны, як па гарадох, так і па вёсках. У гарадох гэта былі дробныя гандляры, гандляваўшыя часам на пазычаны, часам на невялічкі ўласны капітал; апроч іх, такімі людзьмі былі прыказчыкі, рамясьнікі, работнікі і другі дробны мястовы люд. Па вёсках гэта былі мужыкі-сяляне. Частка іх была незалежнымі аратымі ўласнага кавалачка зямлі, а частка ўжо залежнымі эканамічна ад багатых земляўласьнікаў. Працавалі яны ўжо не на ўласнай зямлі, а часам мелі і няўласны інвэнтар: і тое і другое яны бралі ў пазычку, ці ў арэнду ў багатага земляўласьніка.

Паміж дзьвюма клясамі жыхароў старажытнай Полаччыны праз увесь першы гістарычны пэрыяд Беларусі йшло змаганьне. Ўпачатку гэтае змаганьне мела прыпадковы характар, бо яма паміж багатырамі і бедакамі была ня так яшчэ глыбокая. Але йшлі часы, капітал усё рос і ўзмацняўся, ўсё больш і больш эксплёатаваў ён беднату, — і яма паміж дзьвюма соцыяльнымі групамі станавілася глыбокаю прорваю. Соцыяльная барацьба становіцца ўжо звычайнаю зьяваю. Асабліва відна яна ў вечавым жыцьці. На вечах