Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ з часу Рагволода. Ўладзімер Манамах, каторы і раней выказаў сябе, як люты вораг Полаччыны, зноў робіць паходы на Полацкую зямлю. Ен руйнуе такія гарады, як Менск, Друцк, Воршу, Капыль і інш. Бачучы, што ў Полаччыне магчыма дастаць вялікі здабытак, Кіеўскія князі нават злучаюцца, што з імі рэдка бывае, і ў 1127-м годзе робяць хаўрусны паход. Зьнішчаны агнём і мечам такія гарады, як Полацак, Лагойск, Ізяслаў і інш. Урэшце Кіеўскі вялікі князь Мсьціслаў (ў 1129-м годзе) выгнаў з Полацку, Менску і інш. гарадоў Ізяславічаў і іх падручных князёў, а на іх месца пасадзіў сваіх сыноў і родзічаў. Вечы павінны былі згадзіцца з гэтым, бо на баку новых князёў была сіла зброі. Гэтыя чужынцы-князі фатыгуюцца толькі аб тым, каб як найбольш выкарыстаць з забранага краю.

Увесь край дайшоў да руіны. Гарады і вёскі пусьцелі. Забраныя, заціснутыя эканамічна, насельнікі зямлі забіраліся ў няволю. Іх потым тысячамі прадавалі на нявольнічых рынках, як у славянскіх землях, так і ў далёкай Азіі. Пашырыўся нявольнічы гандаль, ад якога карысталі чужынцы-князі і мясцовыя капіталістыя, інтарэсы каторых зышліся з інтарэсамі князёў. Такім спосабам мясцовая буржуазія таго часу і чужаземная палітычная ўлада, маючы на ўвазе толькі сваю карысьць, руйнавалі край.

Але і народнай цярплівасьці часам прыходзіць канец. Так было і ў Полаччыне. Па летапісу ў 1132 годзе разгарэлася народная помста, паднялося паўстаньне. Яно ахапіла вялікія народныя масы. Народ выгнаў чужынцаў-князёў і іх прыхільнікаў. У Полацку сабралася веча і ўхваліла вярнуць на бацькаўшчыну выгнаных Кіеўскімі князямі дзедзічаў Полацкага пасаду, Рагвалодавых унукаў. Мабыць, добры ўспамінак застаўся ў народзе аб сваіх былых князёх, калі ў цяжкі час жыцьця думаў ён аб іх і зьвярнуўся да іх, каб адбудаваць дзяржаву. Зазваныя народным рухам і вечам, вярнуліся Ізяслававічы на Полацкую Русь. Гадоў з 50 (ад 1132 да 1180 году) зноў кіравалі ў Полацкай воласьці Рагвалодавы ўнукі. З князёў гэтага часу патрэбна ад’значыць унука чарадзея — Ўсяслава, Васілька Рагвалодавіча і яго сына Усяслава Васільковіча. Заціхлі дамовыя войны і спрэчкі. Край пачаў ад’жываць, народ зноў прыняўся за працу. Прыпыніліся і паходы з Кіеўшчыны; Кіеўская воласьць не пасылала больш на Полаччыну сваіх каршуноў за здабыткам. Ей было цяпер не да паходаў. Там настаў час асаблівага ўціску паўднёвых качаўнікоў-полаўцаў і ўсе сілы Кіеўшчыны павінны былі адцягнуцца на поўдзень. Ня спыняліся там адначасна і хатнія спрэчкі паміж асобнымі воласьцямі і князямі. Ад гэтых бедаў беглі людзі з Кіеўшчыны, хто ў Полаччыну, хто ў Наўгародзкія землі, хто на паўночны ўсход, у Растова-Суздальскую тэрыторыю. Асабліва